Як у вяскоўцаў трактар-пуцілавец скралі. Гісторыя аднаго помніка

Восенню 2020 года на Крычаўшчыне адбылася нетрывіяльная падзея — мясцовыя ўлады абяцалі жыхарам аграгарадка Касцюшкавічы адрэстаўрыраваць трактар 1930-х гадоў, а самі яго вывезлі ў Крычаў, фактычна скраўшы помнік з першапачатковага месца лакалізацыі. Згадваем падзею, якая ўскалыхнула магілёўскую глыбінку. 

Трактар-пуцілавец у Касцюшкавічах на пастаменце. Крыніца —globustut.by

Трактар-пуцілавец у Касцюшкавічах на пастаменце. Крыніца —globustut.by

Атрымалася, што замест рэстаўрацыі рэтра-машыны крычаўскія чыноўнікі проста забралі чужы помнік, пазбавіўшы адметнасці Касцюшкавічы. Пры гэтым так і не далі рады з тым, каб у Крычаве трактар-пуцілавец стаў мясцовай славутасцю.

Як скралі міжваенны трактар

Увосень 2020 года са скверу аграгарадка Касцюшкавічы Крычаўскага раёна раптам знік з пастамента  трактар-помнік, «пуцілавец» 1930-х гадоў, на якім працаваў жыхар вёскі Іван Вацура — першы трактарыст Крычаўшчыны, успаміны якога захоўваюцца ў вясковай школе. Раптоўнае знікненне помніка спарадзіла занепакоенасць мясцовых жыхароў, а таксама шмат чутак наконт яго лёсу. 

Тагачасны старшыня Касцюшкавіцкага савета дэпутатаў Уладзімір Мядзведзеў спрабаваў супакоіць вяскоўцаў, і распавядаў, што з дапамогай спецтэхнікі трактар звезлі на рэстаўрацыю. Аднак неўзабаве трактар-пуцілавец апынуўся ўжо на іншым пастаменце ля былога транспартнага прадпрыемства «Крычаўгрузаўта» ў самім Крычаве. Такое здарэнне на ўсходзе Магілёўшчыны сталася нетыповым, пагэтаму нарабіла шуму і адназначна ўскалыхнула мясцовую супольнасць. Важна адзначыць, што гэта акцыя крычаўскага чынавенства была спланавана, не была раптоўным рашэннем, як магло б падацца.

Міжваенны трактар на новым пастаменце. Фота аўтара. 

Міжваенны трактар на новым пастаменце. Фота аўтара. 

Дарэчы, у Касцюшкавічах помнік-трактар быў усталяваны яшчэ ў 1981 годзе. Гэты трактар вядомы пад назвай «Універсал», выпускаўся на Ленінградскім заводзе «Чырвоны пуцілавец» з 1934 па 1940 гады. Ён  з’явіўся на тэрыторыі Касцюшкавіцкага саўгаса ў пачатку 1930-х гадоў і быў прызначаны для паступовай механізацыі сельскагаспадарчай працы. На тэрыторыі Беларусі падобныя тэхнапомнікі сустракаюцца дастаткова рэдка. Трактар-помнік быў прысвечаны першым калгаснікам-трактарыстам Крычаўшчыны і першапачаткова знаходзіўся ў скверы вёскі Касцюшкавічы на пастаменце з адпаведнай шыльдай, а недалёка ад яго размяшчалася скульптура воіна, прысвечаная памяці 165-ці загінулым вяскоўцам падчас нямецкай акупацыі рэгіёна. 

Прыбраны тэхнапомнік ЗІЛ-164 і недарэчнае размяшчэнне трактара-пуцілаўца на новым месцы

Касцюшкавіцкі трактар-пуцілавец паставілі на пастамент перад былым транспартным прадпрыемствам «Крычаўгрузаўта», якое перастала існаваць з пачатку 2020 года. А прыбралі з пастамента, каб паставіць касцюшкавіцкі міжваенны трактар, грузавую машыну-самазвал ЗІЛ-164, якая раней знаходзілася недалёка ад уваходу на тэрыторыю прадпрыемства. Менавіта тэхнапомнік ЗІЛ-164 быў спадарожнікам і ў пэўным сэнсе сімвалам гісторыі прадпрыемства. Гэта машына доўгі час працавала на прадпрыемстве, а пасля спісання была ўсталявана на невысокім пастаменце ля галоўнага ўезда на яго тэрыторыю. 

Аўтамабіль-самазвал ЗіЛ-164 на пастаменце побач з варотамі прадпрыемства «Крычаўгрузаўта». Крыніца  —myauu.livejournal.com

Аўтамабіль-самазвал ЗіЛ-164 на пастаменце побач з варотамі прадпрыемства «Крычаўгрузаўта». Крыніца  —myauu.livejournal.com


Крыху гісторыі. ЗІЛ-164 — савецкі грузавы аўтамабіль вытворчасці завода імя Ліхачова. Створаны на базе ЗІС-150 (завод імя Сталіна) шляхам мадэрнізацыі яго асобных вузлоў і агрэгатаў. Выпускаўся ЗІЛ-164 з кастрычніка 1957-га па снежань 1964-га. Аўтамабілі ЗІЛ-164 і ЗІЛ-164А доўгія гады былі «працоўнымі канямі» практычна ва ўсіх аўтагаспадарках Савецкага Саюза.

Урэшце восенню 2020 года тэхнапомнік быў прыбраны, а крычаўскім актывістам мясцовая ўлада паведаміла, што помнік аўтамабілю ЗіЛ-164 быў дэманціраваны ў сувязі з высокай ступенню зносу тэхнікі. Тое, што грузавік знасіўся, не значыць, што яго нельга было адрэстаўрыраваць. Сродкі для таго, каб зняць з пастамента трактар-помнік у Касцюшкавічах і прывезці яго ў Крычаў, знайшліся, то чаму не знайшліся б для рэстаўрацыі ЗІЛа? Тут пытанне не ў стане машыны, а ў яго сэнсавым складніку. Тым больш што ЗІЛ-164 маладзейшы за касцюшкавіцкі трактар на 30 год. Пагэтаму відавочна, што фармулёўка пра дэмантаж тэхнапомніка ў сувязі з моцным зносам з’яўлялася не больш за простую адпіску. Такім чынам, з ліквідацыяй транспартнай арганізацыі быў і дэманціраваны галоўны яе сімвал.

Пусты пастамент без грузавой машыны 1960-х гадоў. Фота аўтара.

Пусты пастамент без грузавой машыны 1960-х гадоў. Фота аўтара.

Натуральна, што мясцовае чынавенства не задавалася пытаннем, якое дачыненне трактар 1930-х гадоў мае да прамысловай зоны горада 1960-1970-х гадоў, да якой і адносіўся «Крычаўгрузаўта». А адказ відавочны: даваенны трактар не толькі не звязаны з гісторыяй месца, але і не падыходзіць сэнсава, бо выконваў сельскагаспадарчыя функцыі, а размясцілі яго ў прамысловай зоне «брэжнеўскага» часу. Што ж да рэалізацыі ідэі пераносу старога трактара на новае месца мясцовым чынавенствам, то іх учынак можна назваць актам вандалізму, бо жыхароў вёскі Касцюшкавічы пазбавілі адметнага помніка, нават не спытаўшы іх меркавання.

Турыстычнай разынкай рарытэтны трактар так дагэтуль і не стаў  

Адразу пасля з’яўлення трактара-помніка на новым месцы дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пачалі пісаць пра новы турыстычны аб’ект у Крычаве. У мясцовай раёнцы «Крычаўскае жыццё» перыядычна з’яўляліся матэрыялы, у якіх з гонарам паведамлялася, што абноўлены помнік уключаны ў турыстычны маршрут Магілёўшчыны. 

Сам помнік быў крыху падрамантаваны і пафарбаваны (падрамантаваны нават сам пастамент). Пасля на пастамент была прымацавана памятная таблічка, на якой напісана, што гэты трактар першым праклаў баразну на калгасным полі Касцюшкавіцкага сельсавета. 

Сённяшні выгляд тэхнапомніка 1930-х гадоў. Крыніца —mogilev.media

Сённяшні выгляд тэхнапомніка 1930-х гадоў. Крыніца —mogilev.media

Побач з кампазіцыяй усталяваны двухметровы інфармацыйны банер, які змяшчае асноўныя звесткі пра гісторыю помніка і яго асаблівасці. Ужо ў сярэдзіне 2021 года помнік выглядаў абноўленым, нават з падрамантаваным пастаментам. 

Інфармацыйны банер побач з трактарам-помнікам. Фота аўтара

Інфармацыйны банер побач з трактарам-помнікам. Фота аўтара

Нягледзячы на тое, што крычаўскія чыноўнікі хацелі надаць пэўную турыстычную прывабнасць трактару-пуцілаўцу, праз тры гады пасля гэткага бясхітраснага «прысабечвання»рарытэтны помнік так і не стаў турыстычным аб’ектам у Крычаве. 

Зараз можна пераканацца ў абыякавым стаўленні да помніка — дарога да яго замецена снегам, а тэкст з інфармацыйнага банера здалёк прачытаць немагчыма. Падысці ж да банера цяжка, бо гурбы снега не даюць гэта нармальна зрабіць. Як уладам, так і простым жыхарам горада трактар 1930-х гадоў малацікавы ў прынцыпе.

Ходнік каля рарытэтнага трактара замецены снегам. Фота аўтара.

Ходнік каля рарытэтнага трактара замецены снегам. Фота аўтара.

Такім чынам, гэта гісторыя паказала, што мясцовая ўлада нават нескладаныя пытанні няздольна вырашыць канструктыўна. Больш за тое, «трактарная эпапея» сталася добрым прыкладам і адлюстраваннем узроўня мясцовага чынавенства, іх кіраўнічага патэнцыялу і ўмення працаваць з людзьмі. Разам з тым для новых пакаленняў чыноўнікаў савецкія помнікі ўжо перасталі быць нейкай важнай часткай свядомасці, арэол святасці за імі ўжо не праглядаецца, а яны часцей выкарыстоўваюцца хутчэй як інструменты з дапамогай якіх можна паказаць прыгожую карцінку актыўнай працы ў культурнай сферы ці галіне патрыятычнага выхавання моладзі.