Як забараняюцца канцэрты ў Беларусі

У распараджэнні парталу TuzinFM апынуўся пратакол паседжання мастацкага савета пры Мінгарвыканкаме, які разглядаў заяву на канцэрт Алеся Дзянісава.


Кіраўнік шоў-балета «Феерыя», кіраўнікі дзяржаўнай установы «Мінскканцэрт» і дзяржаўных тэатраў — эстрады і моладзевага — ды некалькі чыноўнікаў з выканкаму. З гэтых асобаў складаецца мастацкі савет пры галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Мінгарвыканкаму, які за зачыненымі дзвярыма вырашае каму дазваляць выступаць у Мінску, а каму адмовіць. Гарадзенскаму музыку Алесю Дзянісаву з прэзентацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата на сцэну выходзіць не дазволілі.
Заяўнікам канцэрту быў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін, які пасля адмовы папрасіў патлумачыць як адбываецца разгляд заявы, хто ўваходзіць у склад савету і запатрабаваў пратакол паседжання. Аднак кіраўнік ідэалагічнага аддзела Павал Скалабан адмовіў у прадастаўленні гэтай інфармацыі. Пратакол паседжання атрымалася знайсці ў Эканамічным судзе Мінску, дзе Будкін аспрэчваў гэтае рашэнне ідэолагаў.
Мяркуючы з дакумэнту паседжанне мастацкага савета ў выканкаме адбылося даволі хутка. Чальцы заслухалі чыноўніка Аляксандра Шастакова, які вынес на разгляд тэксты паэта Алеся Чобата, і вырашылі (адзінагалосна) параіць не праводзіць гэты канцэрт у сувязі з «низким уровнем исполнения исполнителем».
«Чыноўнікі ставяць кодэкс «Аб культуры» вышэй за Канстытуцыю і выкарыстоўваюць яго ў рэпрэсіўных мэтах, хоць у Мінкульце запэўнівалі, што ніякіх злоўжыванняў не будзе. Тут злоўжыванне ўладай і цэнзура навідавоку. І мне шкада тых паднявольных людзей з дзяржаўных установаў культуры, якіх выкарыстоўваюць для надання легетымнасці абсалютна абсурдным дзеянням. Тым самым яны моцна псуюць імідж. І ня толькі свой ды сваёй установы і калектыву, але і ўсёй краіны», – кажа Сяргей Будкін.
У Эканамічны суд пададзена ўжо апеляцыйная скарга ў справе беспадстаўна забароненага канцэрту Алеся Дзянісава. Таксама накіраваны зварот у ідэалагічнае ўпраўленне Мінгарвыканкаму з патрабаваннем забяспечыць прысутнасць арганізатараў, прадстаўнікоў выканаўцы і журналістаў на паседжаннях мастацкага савету пры разглядзе заяваў на выданне гастрольнага пасведчання. У далейшым мяркуецца дамагчыся адмены гэтага ганебнага пункту кодэкса «Аб культуры».


P.S. Гурт Алеся Дзянісава Dzieciuki на гэтым тыдні быў выкрэслены са спісу ўдзельнікаў фэсту «LidBeer», дзе маюць выступіць «Крамбамбуля», «Петля пристрастия», Lumen і «Океан Ельзи». Гарадзенцы мусілі трапіць у лік выступоўцаў праз народнае галасаванне, дзе лідзіравалі з вялікім адрывам ад астатніх, але арганізатары знялі іх з дыстанцыі – нібы за накруткі. У адказ на заклікі прыхільнікаў байкатаваць фэст, Dzieciuki распаўсюдзілі зварот, у якім заклікаюць «не пароць гарачкі»: «На фэстывалі LidBeer будуць выступаць добрыя гурты, вартыя таго, каб паехаць! Падтрымайце Вольскага! Падтрымайце Вакарчука! Няхай вашым добрым настроем і смехам падавяцца нашыя і вашыя нядобразычліўцы».
Паводле tuzinfm.by