Як знікаюць старыя могілкі ў Гародні. Топ-7 ракурсаў «да» і «пасля»
Нехта скажа: на тое яны і старыя могілкі, каб разбурацца. Родных памерлых даўно няма побач, час бярэ сваё. Можа, яно і так, але ёсць прыклады Лычакаўскіх могілак у Львове ці некропаля на Росах у Вільні. Там акурат могілкі не толькі аднаўляюць і даглядаюць, але і водзяць экскурсіі. У нас жа расцягваюць на метал...
Ніякага ахоўнага статусу старыя могілкі ў Гародні не маюць — адно асобныя помнікі над пахаваннямі. Зразумела, ніякага вартаўніка ці камеры назірання на могілках няма. Ксёндз і праваслаўны святар з храмаў абедзвюх канфесіяў на могілках таксама ні за што не адказваюць, апроч сваіх сакральных будынкаў.
Пры адсутнасці родных — а гэта не дзіва, калі гаворка пра помнікі 1880-х — 1900-х гадоў — магілы можна лічыць проста... аб’ектамі, якія нікому не належаць.
Экскурсаводы, якія гадамі водзяць групы па старых могілках, неаднойчы заўважалі тэндэнцыю: знікаюць у невядомым кірунку найперш чыгунныя пахаванні. Часам паэтапна: крыж, калона, асноўная тумба — застаецца толькі ўрослая ў зямлю аснова. Відавочна, што чыгунныя помнікі расцягваюць на метал.
Давайце зірнём і параўнаем фотаздымкі, зробленыя ў 1980-я, і сённяшнія. У ракурсе — тыя самыя помнікі або тое, што ад іх засталося.
1. Надмагілле 1880-х (каталіцкія могілкі)
Прозвішча пахаванага, на жаль, невядомае. У 1980-я над помнікам ужо не было крыжа, цяпер жа не засталося і самога помніка.
2. Надмагілле сям’і Ляцкіх, 1880-я (каталіцкія могілкі)
Як бачым, помнік у 1980-я ўяўляў сабой вялізную чыгунную калону з крыжам і некалькімі ступенямі. Цяпер засталася адно аснова і агароджа.
3. Магіла Валерыяна Кударэўскага, 1883 г. (каталіцкія могілкі)
Яшчэ адна велічная калона над пахаваннем, ад якой не засталося нічога. Апошнія элементы (дэкаратыўная «зламаная калона» ля пастамента) былі на месцы яшчэ ў 2019-м, цяпер іх таксама няма. На месцы бачны адносна свежы зрэз.
4. Магіла Яна Кулакоўскага, 1872 г. (каталіцкія могілкі)
На чыгунным крыжы на старым фота бачная сімвалічная шыльдачка з эпітафіяй ды звесткамі пра памерлага. Крыж застаўся, а шыльды няма.
5. Магіла генерала Ланскога, 1812 г. (праваслаўныя могілкі)
Найбольш велічны помнік, з якога, па адной з версіяў, і пачалася гісторыя праваслаўных могілак. Гэта той рэдкі выпадак, калі ў 1980-я ўсё выглядала нашмат горш, чым цяпер. Тут крыж не знік, а, наадварот, з’явіўся. Праўда, няясна, чаму з нержавейкі... Цяжка сказаць, ці быў над помнікам ад пачатку крыж у прынцыпе.
6. Магіла Якава Памяранскага, 1886 г. (праваслаўныя могілкі)
Мы бачым проста цудоўную скульптурную кампазіцыю з «плачкай», якая трымае кветкі ды пагаслую паходню. Унізе — медальён з партрэтам памерлага.
Медальён быў разбіты ўжо ў 1980-я, а вось скульптура дзяўчыны захоўвалася ў цудоўным стане. Цяпер у яе разбіты твар і пералом на ўзроўні шыі. Магчыма, скульптура пашкоджаная падчас неакуратнай абпілкі дрэваў.
7. Магіла невядомага, 1833 г. (праваслаўныя могілкі)
Цяпер гэтая калона, з якой абвальваецца цэгла, — амаль антычная руіна. Яшчэ ў 1980-я, як бачым, яна была атынкаваная і мела зверху металічную канструкцыю з крыжам.
Знеслі тую канструкцыю на метал, «завалілі» падчас татальнай абпілкі ці ўпала сама? Мы не ведаем. Самой калоны такімі тэмпамі таксама хутка не стане.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Архіўныя фота 1980-х і здымкі А. Саенкі 2020 года