Яшчэ на адным гістарычным будынку Гродна сапсавалі фасад
У старадаўнім доме на вуліцы Кірава, 39 замест акна прарубілі дзверы. «Незапланаваны» праём з’явіўся на гэтым тыдні. За год новыя дзверы набыў не адзін гістарычны будынак у Гродне.
На доме №39 па вуліцы Кірава апошнім часам вісела шыльда “Здам у арэнду”. Гэты дом насупраць музычнай школы ў спадчыну ад сваіх родных атрымаў сталы гарадзенец, паведаміла
загадчык упраўлення архітэктуры і горадабудавання Гродзенскага гарвыканкама Валянціна Куранкова. Жыць у старадаўнім доме мужчына не планаваў. Будынак з дазволу Мінкульта быў пераведзены са статуса
жылога памяшкання ў нежылое. Пасля распачатай ужо рэканструкцыі тут размесцяцца адміністрацыйна-гандлёвыя памяшканні. Акрамя новых пластыкавых дзвярэй уставілі і пластыкавыя вокны.
Гарадзенскі гісторык і краязнаўца Таццяна Касатая адзначыла, што будынак на Кірава, 39 з’яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю з векавой гісторыяй. Адметнымі рысамі гэтага дома ў
стылі мадэрн можна назваць рэдкія ў Гродне паўкруглыя вокны на першым паверсе ды дэкаратыўнае аздабленне з дапамогай не колеру тынкоўкі, а цэглы. Таццяна Касатая дадала, што праблема з прабіваннем
дзвярэй у гістарычных будынках актыўна ўзнікае цягам апошняга года.
Прычына крыецца ў тым, што крамам ды офісам, якія адчыняюць уладальнікі ў свежанабытых дамах, зазвычай патрэбны дадатковы ўваход на першым паверсе — з боку галоўнага фасаду. Адначасова,
па словах Таццяны Касатай, псаванне эстэтычнага выгляду гістарычнага будынка з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Аднак на гэта дае дазвол Мінкульт.
Гарадзенскія гісторыкі прапаноўвалі Міністэрству культуры ўнесці змены ў заканадаўства, каб пазбегнуць сітуацый адкрыцця гандлёвых аб’ектаў у набытках культурнай спадчыны і неабходнасці
высякаць дзверы. Але ж прапановы не былі прынятыя. Гэтак, новымі дзвярыма ў бягучым годзе “забяспечылі” колішні Дамініканскі кляштар (Савецкая, 6, галоўны фасад),
Баторыеўку (Карла Маркса, 1, бакавы ўваход высеклі не з акна, а проста ў сцяне “па-жывому”), дом тытунёвых магнатаў Шарашэўскіх (Замкавая, 12, бакавы фасад), будынкі па вул. Маркса,
30, вул. Кірава, 4, вул. Леніна. За некалькі тыдняў да канца года спіс папоўніўся адрасам вуліца Кірава, 39.
t-styl.info