«J:Mopc»: 10 тысяч над зямлёй
Гурт «J:Mopc» парадаваў старых і новых прыхільнікаў інтэрнэт-прэм’ерай: у сеціве з’явілася відэаверсія аднаго з самых незвычайных музычных праектаў мінулага года — канцэрта, які адбыўся ў лістападзе на вышыні 10 тысяч метраў падчас авіярэйса «Белавія» Мінск — Амстэрдам.

Гэтай акцыяй, як і пазнейшым «стацыянарным» канцэртам у сталіцы, гурт адзначыў уласнае 15-годдзе. Галоўная складанасць была тэхнічная — на борце паветранага судна даволі абмежаваная прастора і нельга падключаць знешнія прылады, таму давялося паклапаціцца пра гукавое абсталяванне з аўтаномнымі элементамі сілкавання… Цяпер жа на гэты рэйс змогуць трапіць усе ахвотныя — праўда, выключна віртуальна.
Дарэчы, сярод беларускіх артыстаў «J:Mopc» сталі першымі, хто здзейсніў падобнае паветранае выступленне. А вось у сусветнай музыцы гэта ўжо не навіна: брытанскі поп-гурт Jamіroquaі зладзіў развітальны канцэрт на борце самалёта ў 2007 годзе, з якім і трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса, усталяваўшы адразу некалькі рэкордаў. Зрэшты, у 2010 годзе рэкорд вышыні і масавасці пабіў спявак Джэймс Блант, які выступіў на вышыні ў 13 тысяч метраў, а сам канцэрт дзякуючы прамой трансляцыі ў радыёэфіры праслухалі дзясяткі тысяч чалавек.
Вікторыя Целяшук, zviazda.by