Юбілейную “Камяніцу” ўзначаляць артысты з Украіны, Польшчы і Беларусі

6–7 верасня пад Мінскам адбудзецца пяты па ліку фолк-фэст “Камяніца”. У гэтым годзе ўпершыню свята народных традыцый, сучаснай музыкі і выдатнага настрою адбудзецца ў пашыраным фармаце пры падтрымцы ААТ “Банк БелВЭБ”.



kamyaniysa_afisha_7verasnia.jpg

6 верасня фэст адчыніць “Сяброўская вячэра”, на якой збяруцца ўдзельнікі фэста за ўсе пяць гадоў. Гасцей чакае прэзентацыя маляўнічай кінастужкі “Гісторыя беларускай страўні”, кулінарны майстар-клас ад страўні “Камяніца” з дэгустацыяй, а таксама музыка.

 

Падчас імпрэзы адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гуртоў “Палац”, “Аляксандра і Канстанцін” і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара — гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай.

 

“Сяброўская вячэра” — гэта магчымасць для артыстаў сустрэцца і распавесці адзін аднаму апошнія творчыя навіны і проста пагутарыць пра жыццё,што ў звычайныя фестывальныя дні зрабіць немагчыма. Для аматараў беларускага фолку гэта магчымасць атрымаць аўтографы ад лідараў беларускай фолк-сцэны, паразмаўляць з імі і задаць наўпрост свае пытанні, — распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.

 

7 верасня  — вялікі фестывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты “Палац”, “Стары Ольса”, Guda, а таксама замежныя госці: “Даха-Браха” (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і “Фолкнери” (Україна). На малой — дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны.

 

На мой погляд, гэта самы зорны склад выступоўцаў за ўсе 5 год. Хэдлайнеры вельмі розныя па стылістыцы, але кожны з іх —  сапраўдная з’ява ў сваёй краіне, вельмі ўплывовыя постаці. Запрасіць іх хацелі і раней, але зараз было прасцей вырашыць усе пытанні, таму што фестываль ужо мае вядомасць за мяжой. Наша асобная падзяка Інстытуту Польскаму за дапамогу ў арганізацыі выступу Orkiestra Sw. Mikolaja, — адзначае Сяргей Чагрынец.

 

Акрамя гэтага гледачоў чакаюць выставы, забавы, танцы і кірмаш. Грошы за ўваход, як заўжды, ідуць на рахункі Музею народнай архітэктуры і побыту, дапамагаючы захоўваць драўляныя экспанаты 18–20 стагоддзяў. Уваход у нацыянальных строях бясплатны.

 

6 верасня — фолк-фэст “Камяніца”: “Сяброўская вячэра”. Пачатак: 18.00. Даведка/замова: (029) 394 51 21.

 

7 верасня — фолк-фэст “Камяніца”. Пачатак: 12.00. Кошт квіткоў: 30 тысяч руб. Даведка/замова: (029) 394 51 21.

 

Месца правядзення: п.Азярцо (4 км. за аўтарынак “Малінаўка), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

 

Як даехаць:

— На асабістым аўто альбо ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю фестывалю).

 

— Рэйсавымі аўтобусамі 203, 262, 363, 277, 325, 357 ад аўтастанцыi “Паўднёва-Заходняя”.

 

— Фестывальным аўтобусам (толькі 7 верасня) ад прыпынку “Малінаўка 6″ (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава) з 11.30 да 14.00. У накірунку Мінска аўтобусы курсуюць з 20.30 да 23.00. Праезд бясплатны.

budzma.org