«Калядны фэст»запрашае: будзе добрая музыка, танцы і падарункі

Традыцыйны "Калядны фэст" дванаццаты раз пройдзе ў мінскім клубе RE:PUBLIC 25 снежня. Весці імпрэзу будзе лідар гурта "Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі.

kaljadny_fest_1.png


“Наш фэст – спроба беларускіх музыкаў паказаць сувязь сучаснасці з мінулым, — распавялі арганізатары мерапрыемства. — Канцэптуальна гэты фестываль не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі”. Сёлета ж на сцэну клуба выйдуць гурты “Osimira”, “Irdorath”, “Rokash”, “Znich” ды "Стары Ольса".
Дарэчы, гурт “OSIMIRA” выступіць на гэтай імпрэзе ўпершыню. Магілёўскі этна-гурт нядаўна вярнуўся ў строй пасля доўгага маўчання і нават паспеў даць некалькі канцэртаў. Цяпер працуе над альбомам, нават нягледзячы на тое, што ўдзельнікі калектыву знаходзяцца ў розных гарадах.
Запаліць на сцэне і “IRDORATH” – беларускі fantasy folk гурт, які выконвае сярэднявечную і аўтарскую музыку на рэдкіх інструментах. Часты госць розных імпрэз, каманда пасля завяршэння летняга фестывальнага сезону занялася студыйнай працай. Пры гэтым паспела крыху змяніць інструментальны склад, таму абяцае ў наступным сезоне нямала здзіўляць.
Падтрымае імпрэзу і “ROKASH” – гурт, які быў створаны напрыканцы 2004 года як акустычны медываль-фолк-праект. Цяпер музыка каманды ўяўляе сабой электрычны нэафолк-рок з элементамі арт-рока і прагрэсіва, грунтаваны на сінтэзе гнуткіх фолькавых мелодый, лірычнага жаночага вакалу і жорсткай хард-рокавай рытм-секцыі. У апошнія некалькі месяцаў каманда ўзяла невялічкую паўзу ў канцэртнай дзейнасці і прыступіла да запісу новых песень. Пакуль што плануецца ЕР з працоўнай назвай "Дарогі Дажджу". Да таго ж у гурта змяніўся барабаншчык. Артур Мартынаў перахаў жыць у іншую краіну, таму месца за ўдарнай устаноўкай заняў Аляксей Яфрэменка, які ўжо граў з “Rokash” з 2008-га па 2010-ты год.
Сваёй энергетыкай на “Калядным фэсце” падзеліцца і “ZNICH” – гурт, які выкарыстоўвае аўтэнтычныя інструменты ды спалучае традыцыйныя вакальныя прыёмы і моцны гроўлінг. Цяпер калектыў працуе над новай праграмай i запiсам, прысвечаным 22-годдзю каманды, усталёўвае кантакты з букiнгам i латышска-італьянскі лэйблам ды плануе выпусцiць у бліжэйшы час два клiпы. А яшчэ нядаўна калектыў паўдзельнічаў у канцэрце-прысвячэнні Аляксандру Кулiнковiчу і хутка накіруецца з гэтым жа праектам у тур па абласцях.
Традыцыйна фэст падтрымае гурт сярэднявечнай беларускай музыкі “СТАРЫ ОЛЬСА”. У рэпертуары – народныя балады і ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, кампазіцыі са зборнікаў прыдворнай музыкі, еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесанса. Апошнім часам гурт шмат гастраляваў і адкрыў для сябе новую краіну – Румынію, дзе выступіў на фэсце Дракулы ў Бухарэсце. Акрамя таго, калектыў цяпер стварае батлейку і рыхтуе спектакль «Трыстан і Ізольда» – беларускую версію аповесці, найбольш поўную з усіх існуючых.

Пачатак канцэрта ў 17:30. Першым 100 наведвальнікам CD Vicious Crusade ў падарунак!