Камітэт дзяржкантролю паабяцаў вярнуць дызайнерам ільготную арэнду

Старшыня Камітэту дзяржкантролю паабяцаў Саюзу дызайнэраў вырашыць пытанне з ільготнай арэндай творчых майстэрняў. Але з канкрэтыкі ў дызайнэраў пакуль толькі рахунак на 160 тысяч, які яны не здольныя аплаціць, паведамляе Свабода.

e8b7286a949b75a652c1f7811e138c9b.jpg

Камунальнікі пералічылі арэндную плату некаторым дызайнэрам па поўным тарыфе замест ільготнага (меншага аж да 10 разоў) пасля маніторынгу і рэкамэндацый Камітэту дзяржкантролю.
Напрыклад, у майстэрні Уладзімера Цэслера кантралёры знайшлі ложак — і павялічылі кошт арэнды ў 4 разы.
Старшыня саюзу Дзмітрый Сурскі 24 студзеня сустрэўся з кіраўніцай галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірынай Дрыгай і прадстаўнікамі Камітэту дзяржкантролю.
«Я думаю, што дамовы на арэнду будуць карэктаваць. Але фармальна пагроза з нас яшчэ канчаткова не знятая», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.
Міністэрства культуры «цалкам на нашым баку», сказаў Дзмітрый Сурскі.
«Дрыга пацвердзіла са спасылкай на Кодэкс аб культуры, што мастак можа атрымліваць даход ад сваёй творчай дзейнасці любымі даступнымі сродкамі. Яшчэ будзем абмяркоўваць, ці магчыма атрымліваць сродкі праз стварэнне ІП. Чаму не? Чаму мастак не можа праз стварэнне ІП ажыццяўляць сваю творчую дзейнасць? Гэта ж празрыста для дзяржавы. Я тут не бачу супярэчнасці», — сказаў Дзмітрый Сурскі.
Пасля падвышэння арэнды некаторыя дызайнэры пачалі адмаўляцца ад ІП і статусу рамесніка. Яны карысталіся рахункамі індывідуальных прадпрымальнікаў для набыцця матэрыялаў і ўдзелу ў кірмашах.
Дызайнэру Максіму Карасю налічылі арэнду ў 98 578 рублёў за тое, што ён займаецца адукацыяй. Гэты рахунак яшчэ не адкліканы.
Дзмітрый Сурскі лічыць, што адукацыя — таксама творчая дзейнасць.
«Кодэкс аб культуры дазваляе творчым саюзам займацца адукацыяй без стварэння камэрцыйнай структуры, — тлумачыць ён. — У нашым палажэнні аб майстэрнях прапісана, што майстэрня — гэта месца, дзе сябра саюзу ажыццяўляе сваю навуковую, педагагічную і праектна-мастацкую дзейнасць. Мы лічым адукацыйную дзейнасць у сваёй сфэры таксама творчай. Гэта перадача сваіх ведаў для нашчадкаў і гэта вельмі важная праца для саюзу».
Паводле Сурскага, высветлілася, што рэкамендацыі КДК не мелі «прамога дзеяння». З вынікамі маніторынгу павінны былі азнаёміць саюз дызайнэраў.
«Я патэлефанаваў правяраючаму, і ён сказаў: супакойцеся, усе нашы рэкамендацыі адазваныя, пачынаем жыццё з новага ліста. Маўляў, тут трохі перагнулі палку. Але я пакуль не супакоіўся, бо яшчэ ніхто афіцыйна не адазваў завышаныя рахункі. І рахункаў у былых межах нам таксама ніхто не даслаў. Але з большага ўсё пазітыўна», — сказаў старшыня саюзу дызайнэраў.
Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў наведаў 23 студзеня майстэрню дызайнэра Уладзімера Цэслера і Беларускі саюз дызайнэраў і паабяцаў вырашыць пытанне з арэндай творчых майстэрняў.
У Беларускім саюзе дызайнэраў 600 сяброў.