Канцэрт «Кіно» ў Мінску перанесены на лета. Афіцыйная прычына — зноў каронавірус
Канцэрт легендарнага гурта «Кіно», які быў запланаваны ў Мінску на 7 лютага, не адбудзецца. Пра гэта абвясцілі яго беларускія арганізатары — агенцтва Atom Entertainment Group.
![viktor_coy_rok_muzyka_akter.jpg viktor_coy_rok_muzyka_akter.jpg](/img/v1/images/viktor_coy_rok_muzyka_akter.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«На жаль, неспрыяльная эпідэміялагічная абстаноўка не дазваляе правесці мерапрыемства ў лютым. Гурт КІНО і арганізатары канцэрту прыносяць свае прабачэнні ўсім, хто стаў закладнікам дадзенай сітуацыі», — цытуе паведамленне REFORM.by.
Мерапрыемства перанесена на 17 чэрвеня. Яно адбудзецца таксама ў «Мінск-Арэне», усе квіткі застаюцца сапраўднымі.
Першапачаткова канцэрт быў прызначаны на 7 лістапада, але не адбыўся зноў жа з-за эпідэміі каронавіруса. Усе астатнія канцэрты «Кіно» таксама зноў перанесеныя.
Канешне ж, прычына пераносу канцэрту ў «неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўцы», а не ў тым, што песня «Пераменаў» Віктара Цоя і гурта «Кіно» стала неафіцыйным гімнам беларускай рэвалюцыі.
***
Пра ўз’яднанне гурта стала вядома ў кастрычніку мінулага года. Музыкі сабраліся зноў, каб даць шэраг канцэртаў-рэстаўрацый. На сцэну выйдуць нязменны гітарыст «Кіно» Юрый Каспаран, бас-гітарысты Ігар Ціхаміраў (граў у групе з 1985 па 1990 гады) і Аляксандр Цітоў (граў у 1984-1986 гадах). За барабанамі замест памерлага ў 2013 годзе Георгія Гур’янава будзе ўдзельнік праекта «Сімфакіно» Алег Шунцоў. Памерлага ў 1990-м лідара гурта Віктара Цоя ніхто не заменіць — яго голас будзе гучаць у арыгінале, прычым нават лепшым, чым на запісах альбомаў. Яго аблічбавалі са шматканальных студыйных запісаў і адрэстаўравалі.
Прадзюсарам праекта з’яўляецца сын фронтмэна Аляксандр Цой — відэограф і таксама музыкант. Ён з’яўляецца аўтарам візуальнага шэрагу, які ўбачаць гледачы канцэрта.
У працэсе падрыхтоўкі да тура музыкі запісалі шэраг відэакліпаў з песнямі «Кіно» ў сучасным, якасным гучанні.