Канцэрт для гітары з гіпсам
Гэта прэзентацыя выклікала немалое хваляванне ў шэрагах сталічных меламанаў па некалькіх прычынах. Але галоўная — у мінскім клубе «Рэактар» павінен быў прэзентаваць свой новы альбом «Porna» вядомы магілёўскі рок-музыка, паэт і лідэр аднайменнага гурта Янка Маўзэр.
Гэта прэзентацыя выклікала немалое хваляванне ў шэрагах сталічных меламанаў па некалькіх прычынах. Але галоўная — у мінскім клубе «Рэактар» павінен быў
прэзентаваць свой новы альбом «Porna» вядомы магілёўскі рок-музыка, паэт і лідэр аднайменнага гурта Янка Маўзэр.
Да таго ж, праграма прэзентацыі абяцала і іншыя музычныя неспадзяванкі. Па-першае, разам з гуртом «Mauzer» (цяпер назва гурта пішацца ў такім варыянце) арганізатары абяцалі выступ
гурта «Akute», зноў жа з Магілёва, які стварылі былыя ўдзельнікі вядомай слухачам каманды «Глюкі». Рэгіянальны рок-рух Берасцейшчыны павінен быў рэпрэзентаваць на
гэтай імпрэзе nu-metal гурт «Сьцяна».
Гурт «Сцяна»
Цікава, што воляй лёсу падзеі гэтай прэзентацыі пачаліся задоўга да афіцыйнага старту мерапрыемства: у інтэрнэт прасачылася інфармацыя, што Янка Маўзэр зламаў нагу і выступіць у клубе
«Рэактар» з акустычнай версіяй праграмы дыска «Porna». Таму перад прыхільнікамі паўставала цяжкая альтэрнатыва: альбо пайсці на акустычны канцэрт і не пачуць, як
гучыць «Porna» «жыўцом», альбо дачакацца «другога прышэсця» гурта «Mauzer» з электрычнай праграмай. Да гонару маладых мінчан,
большасць з іх, разважыўшы пра фінансавыя выдаткі, вырашылі, што варта пабываць на абодвух канцэртах.
І вось на сцэне першы ўдзельнік рок-імпрэзы — рок-трыо «Akute», у складзе якога былыя ўдзельнікі «Глюкаў». Гэта вакаліст і гітарыст Стась Мытнік (з такім
прозвішчам можна «прабіваць» спонсарства Дзяржаўнага мытнага камітэта), а таксама басіст Раман Жыгараў. За бубнамі ў складзе «Akute» грае Павел Емельянаў з гурта
«NEVMA».
З першым акордам песні «Адзіноцтва» стала відавочна, што музыканты «Akute» маюць вялікі канцэртны досвед і адточанае выканаўчае майстэрства. Іх гучанне —
па-сучаснаму шчыльнае, без аніякіх «правалаў», а іх вакальныя прыёмы ўзбагачаюць песні гурта эмацыянальна і меладычна. Усе кампазіцыі «Akute», сярод якіх адзначу
найбольш яркія — «Машына», «Я веру, мы дакранемся да зор», «Цішыня», «Агонь», — былі прынятыя слухачамі
вельмі прыхільна. А значыць, цяпер надыходзіць чарга запісу іх альбома, каб надаць таленавітаму і перспектыўнаму гурту большую вядомасць.
Гурт «Akute»
Пад агульныя воплескі на сцэну падняліся наступныя прадстаўнікі магілёўскай плыні айчыннай рок-музыкі: Янка Маўзэр і гітарыст, вядомы па складу гурта «Mauzer» пад нікам Kolhz. Як
толькі прагучалі першыя ноты «Калыханкі» з альбома «Радасьць», слухачы пачалі здзяйсняць тое, для чаго яны сюды прыйшлі: спяваць разам з рок-зоркай.
Янка радаваў слухачоў сваімі вельмі арыгінальнымі вершамі. Гэткімі постмадэрнісцкімі споведзямі на эратычныя тэмы. Потым працягваў свой сэт акустычнымі кампазіцыямі з новага альбома
«Porna», а таксама песнямі з наступнай кружэлкі. І хоць падчас выступу магілёўскіх музыкантаў не было звычайнага слэму, большасць слухачоў засталася задаволенай выступам
«Mauzer» у unplugged-вырыянце і яшчэ больш умацавалася ў сваім жаданні зноў наведаць прэзентацыю «Porna».
У прыватнай гутарцы Янка распавёў, што музыкі «Mauzer» даўно марылі зрабіць такі эксперымент, але з-за працы над альбомам на гэта не хапала часу. Цяпер дапамог няшчасны выпадак, каб
у музыкаў з’явіўся такі вельмі важны канцэртны вопыт. Праўда, былі і тыя, хто пасля вершаў і песень у выкананні Янкі і Kolhz вырашыў, што ім у «Рэактары» рабіць больш няма
чаго. Але яны памыліліся і джэк-пот выйгралі тыя, хто застаўся паслухаць прэзентацыю новага альбома гурта «Сьцяна» «Кропка вяртання».
Гурт «Mazer»
«Сьцяна» засталася вернай свайму музычнаму крэда: жорсткі гітарны драйв і акустычны «кач» у спалучэнні з экстрэмальнымі сола саксафона. Гэта кружэлка чакала свайго
выхаду доўга і з’яўляецца другой пасля іх дэбютнага альбому «Рыфмы лёсу» (2002). Мо таму музыкі «Сьцяны» вырашылі выкласціся на сцэне на «ўсе
сто» і скарыць публіку сваімі рыфамі, якія бяруць пачатак, упэўнены, ад Пяруна.
Галоўная дзеючая асоба шоу «Сьцяны», «энерджайзер» усёй каманды — гітарыст Павел Прохараў. Хмары тэатральнага дыму, якія час ад часу засцілалі сцэну
«Рэактара», Павел разганяў за секунды. Можа, дзеля гэтага ўдзельнікі «Сьцяны» выступалі на сцэне босымі. Але за гэтай штучнай смугой нельга было не заўважыць
неверагодную экспрэсіўнасць песень, выдатнае выканаўчае майстэрства і працаздольнасць музыкантаў, якія прэзентавалі слухачам свой новы дыск...
Што тычыцца музычнага напаўнення сэта «Сьцяны», то сталічныя слухачы ўжо знаёмыя з новымі творамі берасцейцаў. Рытмы і мелодыі такіх кампазіцый, як «Кропка»,
«Кім я быў», «Мяне не існуе», а асабліва цяжкі хіт «2000000», выклікалі сапраўдны фурор сярод тых, хто прысутнічаў на прэзентацыі. А з ім і
здаровую цікавасць да новых альбомаў рэгіянальных лідэраў айчыннага року. А гэта значыць, што слухачы маюць усе падставы чакаць навінак і ад мінскіх каманд. Чым жа адкажа сталічны рок-бамонд
прэтэнзіям правінцыйных гуртоў на лідэрства ў беларускім рок-руху?