Каралева Бона не атручвала Барбару Радзівіл?
Літоўскія медыкі высветлілі, ад чаго памерла легендарная беларуская прыгажуня.
Ёзэф Зімлер. Смерць Барбары Радзівіл. 1860 год / imgwykop.pl
Хутчэй за ўсё Барбара Радзівіл хварэла і памерла ад раку шыйкі маціцы.
Да гэтай высновы прыйшлі навукоўцы Літоўскага ўніверсітэта медыцынскіх навук. Яны падрабязна даследавалі ўсе дакументы пра хваробу (нават рэцэпты каралеўскага аптэкара). А таксама выкарысталі вынікі агляду парэштак каралевы, зробленыя літоўскімі антраполагамі ў 2001 годзе. Вынік іх даследаванняў апублікаваны ў адным з нумароў часопіса ARCHE, які днямі пабачыў свет. Менавіта праз анкалогію мініяцюрная прыгажуня (рост Барбары складаў 160,2 см, аднак у тыя часы яна лічылася высокай) пражыла ўсяго 28 гадоў.
Дарэчы, у Купалаўскім тэатры ўжо шаснаццаць гадоў ідзе спектакль «Чорная панна Нясвіжа» паводле аднайменнай п’есе Аляксея Дударава. Як расказваў сам Аляксей Ануфрыевіч «Народнай Волі», ён не верыў у вінаватнасць галоўнай падазраванай Боны Сфорцы, свякрові Барбары. Па яго версіі, Барбара атруцілася сама.