Карціна Сынковіцкай царквы 1867 года выяўлена ў Расіі
Беларускі мастак Васіль Гразноў (1840–1909) захапляўся даследаваннем архітэктурных помнікаў, займаўся краязнаўствам і педагагічнай дзейнасцю. Ён даследаваў Каложскую царкву, царкву ў Тураве, Лідскі і Мірскі замкі і іншыя беларускія славутасці.
Васіль Гразноў любіў бываць у Сынковічах Слонімскага павета. Ён даследаваў крэпасць-царкву, зрабіў некалькі яе замалёвак.
Адна карціна Сынковіцкай царквы была ім намалявана ў 1867 годзе, памер яе складаў 29х23,5 см. Карціна цяпер, на жаль, знаходзіцца не ў Беларусі, а ў Ульянаўскім абласным мастацкім музеі ў Расіі.
Як туды трапіў гістарычны і каштоўны твор — невядома. Магчыма, нехта купіў карціну ў Гразнова, альбо ён яе падараваў.
Выява нашай славутай царквы 152-гадовай даўніны — даволі рэдкая каштоўнасць, якая страчана. Пра лёс гэтай карціны могуць больш ведаць нашы даследчыкі беларускага мастацтва.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя