Карціну Бэнксі «Дзяўчынка з паветраным шарам» прадалі ў 18 разоў даражэй, чым да таго, як яе парэзаў шродар
Карціна брытанскага ананімнага вулічнага мастака Бэнксі «Дзяўчынка з паветраным шарам», якая была часткова парэзаная шродарам на аўкцыёне «Сотбіс» у 2018 годзе, сышла з малатка на тым жа аўкцыёне за рэкордныя 18,6 мільёна фунтаў (блізу 25,4 млн. долараў). За карціну аддалі ў 18 разоў больш, чым тры гады таму (1,1 млн. фунтаў), піша budzma.by са спасылкай на knife.media.

«Прайшло амаль тры гады з аднаго з самых дасціпных момантаў у мастацтве перформансу ў гэтым стагоддзі, які ўвайшоў у гісторыю аўкцыёнаў. Было вельмі займальна сачыць за падарожжам гэтай цяпер легендарнай карціны і ў выніку зноў убачыць яе ў нашай зале, прапанаваць яе сёння ў тым самым пакоі, дзе яна была створана мастаком. Бэнксі не прывыкаць трапляць на першыя палосы, і гэтая глава яго гісторыі захапіла думкі людзей па ўсім свеце — мы можам толькі здагадвацца аб тым, што будзе далей», — завілі ў «Сотбіс».
«Дзяўчынка з паветраным шарам», выкананая акрылавымі фарбамі ў 2006 годзе, стала самай дарагой працай Бэнксі. Да гэтага такой лічылі карціну пра медсястру-супергераіню, якую прадалі за 16,8 мільёна фунтаў на таргах у сакавіку 2021 года. Эксперты аўкцыённага дома разлічвалі, што «Дзяўчынку з паветраным шарам» купяць па цане ад чатырох да шасці мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Першы аўкцыён прайшоў у кастрычніку 2018 года. Адразу пасля ўдару малатка мастак дыстанцыйна актываваў убудаваны ў цяжкую раму шродар, які парэзаў твор на мноства дробных стужак. Аднак частка карціны засталася некранутай. Ананімная кліентка, якая набыла працу, завяршыла здзелку. Яна ж дала карціне новую назву — «Каханне ў сметнцы».