Касцёл у Падароску збірае парафіяльны мартыралог
Святочнае набажэнства і навуковая канферэнцыя прайшлі ў мястэчку Падароск Ваўкавыскага раёна.
Выступы навукоўцаў на канферэнцыі перамяжаліся класічнымі беларускімі песнямі ў выкананні Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Са спавешчаннямі выступілі арганізатар канферэнцыі кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, кандыдат гістарычных навук Альбіна Семянчук. Маладую плынь гісторыкаў прадставіў архівіст Кірыл Сыцько. Каля ста прысутных даведаліся пра гісторыю хрысціянізацыі цяперашняй Заходняй Беларусі, супляценне рымска-каталіцкай традыцыі, рэфарматарства і праваслаўя на гэтых землях, удзел у рэлігійным жыцці мясцовых жыхароў, шляхты і магнатаў-фундатараў.
Згаданы быў і сучасны спрыяльнік Павел Падкарытаў (Бераговіч), які аднаўляе ў Падароску сядзібу Бохвіцаў з мэтай зладзіць там музей шляхты. На жаль, ён не змог прысутнічаць на ўрачыстасцях у Падароску, прысутным было перададзена ад яго прывітанне. Дабраславіў урачыстыя мерапрыемствы і ўзяў у іх чынны ўдзел біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Са словаў Падароскага пробашча ксяндза Генадзя, з нагоды 500-годдзя касцёла ў хаўрусе з навукоўцамі ініцыяваны збор спісу парафіян касцёла, якія прынялі пакутніцкую смерць у розныя часы. Гэта першая такая ініцыятыва ў Беларусі.