Кастусь Цвірка: Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору!»

Дзякуючы «Беларускаму кнігазбору», на радзіму вярнуліся пісьменнікі не толькі з захаду, але і з усходу. Цяпер «Кнігазбор» мае распацаваны план выдання кніг аж да 2045 года. Пра гэта Міхасю Скоблу распавёў на старонках Народнай волі аўтар і галоўны рэдактар праекта Кастусь Цвірка.

Кастусь Цвірка.

Кастусь Цвірка.


Калі ў 1996 годзе ў свет выйшаў першы том амбіцыйнай кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор», мала хто верыў, што яна выжыве ў той складаны для айчыннага кнігавыдання час. Сённяшні час яшчэ больш складаны, але «залатая серыя» жыве і перыядычна багацее новымі тамамі беларускай класікі. Іх ужо пераваліла за сотню.

Увесь час гэтым унікальным кніжным праектам нязменна і нястомна апякуецца яго галоўны рэдактар пісьменнік Кастусь Цвірка. У гутарцы для «Народнай Волі» ён расказаў, як «Беларускаму кнігазбору» ўдалося выжыць, дзе шукаліся грошы і хто з чыноўнікаў спрыяў гэтай знакавай для нацыянальнай культуры кніжнай серыі.

— Кастусь Аляксеевіч, у свет пад маркай «Беларускага кнігазбору» выйшлі ўжо 110 тамоў. І што, кожны з іх прайшоў праз вашы рукі і вашы вочы?

А як жа іначай? Я ж галоўны рэдактар. Мала таго, я не толькі ўважліва чытаю ўсе «кнігазбораўскія» тамы перад здачай у друк, але і праглядваю ўсе творы пісьменніка, які мае выйсці ў серыі. У кожнага тома ёсць складальнік — ён прапануе, што ўключыць. Я пагаджаюся, але іду ў Нацыянальную бібліятэку (мне блізка, толькі праспект Незалежнасці перайсці) і заказваю ўсе кнігі пісьменніка, каб не прапусціць нешта важнае.

— Гэта ж колькі вам чытаць даводзіцца! А яшчэ ж вы працуеце як даследчык-складальнік, цэлы стос кніг падрыхтаваны вамі асабіста. Выданнем чыіх тамоў вы асабліва ганарыцеся?

Найперш «Выбранымі творамі» Яна Чачота, з якога і пачаўся «Беларускі кнігазбор» у 1996 годзе. Я там пераклаў усе балады, і яны ўпершыню выйшлі ў свет па-беларуску. Ганаруся і важкім томам Адама Міцкевіча, якога лічу беларускім польскамоўным паэтам. Проста польская мова ў першай палове 19-га стагоддзя была літаратурнай мовай Беларусі. Праўда, у Міцкевіча яна не зусім польская, там вельмі шмат беларусізмаў. І паэта варшаўскія крытыкі за гэта дакаралі, маўляў, ты пішаш для гістарычнай Літвы, а не для Польшчы. Дарэчы, вядомая гісторыя, як два варшаўскія прафесары, каментуючы збор твораў Міцкевіча, так і не змаглі растлумачыць, што азначае слова «свярэпа» ў паэме «Пан Тадэвуш»

— Пра гэта польскі паэт Галчынскі нават напісаў сатырычны верш, як тыя прафесары «шукалі ў энцыклапедыях, / у каталогах і слоўніках, / у старапольскіх трагедыях, / у статутах і гербоўніках, / гарышчы прайшлі і склепы — / нідзе не знайшлі свірэпы…»

А тая свірэпа вядомая ж кожнаму беларусу! Далей — мы ўпершыню ў Беларусі выдалі творчую спадчыну Яна Баршчэўскага, не толькі «Шляхціца Завальню», але і яго паэзію. Прафесар Мікола Хаўстовіч падрыхтаваў празаічныя творы, а я папрасіў Рыгора Барадуліна перакласці паэтычныя. Рыгор тут жа згадзіўся: «Баршчэўскі мой зямляк, зраблю з задавальненнем». І зрабіў. Упершыню па-беларуску выйшла ў серыі і творчая спадчына княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл. Нічога пра яе ў нас не было вядома, а яна ж пісала цікавыя п'есы, заснавала ў Нясвіжы цэлы тэатр! Помню, як Наталля Гардзіенка адшукала яе невядомыя творы ў варшаўскіх архівах і пераклала. Што яшчэ? Адкрыццём быў і зборны том «Філаматы і філарэты» (Ян Чачот, Тамаш Зан, Антоні Эдвард Адзінец і другія), дзе мы ўпершыню паказалі, па сутнасці, пачынальнікаў беларускай літаратуры, якія ад фальклору беларускага перайшлі да пісання па-беларуску.

— У «Філаматаў і філарэтаў» быў, калі не памыляюся, рэкордны для серыі наклад — 10 тысяч асобнікаў.

Так, прычым увесь наклад хутка разышоўся! Помню, калі выйшла кніга, тагачасны намеснік міністра культуры і друку Станіслаў Нічыпаровіч, адказны за кнігавыданне, прыйшоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура» і прысароміў яго супрацоўнікаў, маўляў, чаму Цвірка ў прыватным парадку робіць такую выдатную серыю, а вы не можаце… Дык як тут сапраўды не ганарыцца, калі мы вярнулі столькі імён ва ўлонне беларускай літаратуры?

— Вы вяртаеце творцаў не толькі з іншамоўнай прасторы, але і з нябыту. Я маю на ўвазе Францішка Аляхновіча, Зоську Верас, Вацлава Ластоўскага…

Калі выйшаў том Ластоўскага (праца Язэпа Янушкевіча), у «Кнігазбор» спецыяльна пазваніў Васіль Быкаў — падзякаваць. Ластоўскі ў класічнай серыі — гэта сапраўды была падзея. Яго больш ведалі як палітыка, а ён жа быў і празаікам, і паэтам, і выдатным публіцыстам. Том Валянціна Таўлая — выдатнага паэта і патрыёта Беларусі — падрыхтаваў Анатоль Клышка. Гадоў дзесяць я хадзіў за ім — зрабі. Але Анатоль, відаць, быў заняты сваімі букварамі, усё марудзіў. І ўрэшце — зрабіў, напісаўшы бліскучую прадмову.

— Дзякуючы «Беларускаму кнігазбору» на радзіму вярнуліся пісьменнікі не толькі з захаду, але і з усходу. Напрыклад, Іван Ласкоў, які нарадзіўся ў Гомелі, а жыў ажно ў Якуціі.

А хто ведаў таго Ласкова ў Беларусі? Яго проза выходзіла ў Маскве, часопісы «Юность» і «Новый мир» ахвотна друкавалі яго рускамоўныя вершы. Пісаў ён доўгі час па-руску, а потым раптам перайшоў на беларускую мову. Жывучы ў далёкім Якуцку! Думаю, што Ласкоў вярнуўся да роднай мовы з разлікам, што ягоны крок абудзіць суродзічаў, падштурхне і іх вярнуцца да беларушчыны. Дарэчы, ён сябраваў з Леанідам Дайнекам, які расказаў мне такую гісторыю. Аднойчы Ласкоў прыехаў у Мінск, яны ішлі берагам Свіслачы, размаўлялі, і нейкі хлопец нападпітку, пачуўшы беларускую мову, пачаў з яе здзекавацца. Дык Ласкоў, не ўступаючы ў доўгую палеміку, проста згроб яго ў абярэмак і шпурнуў у Свіслач!

— Працверазіў, што называецца. А ці ёсць сярод 110-ці «кнігазбораўскіх» тамоў, скажам так, неабавязковыя, лішнія, без якіх «залатая серыя» не збяднела б?

— Ніводнага лішняга тома няма. Усё гэта нашы пісьменнікі, у кожнага свой лёс, свая жыццёвая гісторыя. Калі вы маеце на ўвазе прыжыццёвыя выданні, то Ніл Гілевіч, атрымаўшы свой «кнігазбораўскі» том, помніцца, сказаў: «Калі кніга ў гэтай серыі выходзіць пры жыцці аўтара, то гэта на дзясятак гадоў падаўжае яму жыццё!» Думаю, Ніл Сымонавіч меў рацыю. «Беларускі кнігазбор» дае сілы не толькі аўтарам, але і выдаўцам, серыя папулярная, людзі яе чакаюць.

— Усе класікі атрымалі ў «Беларускім кнігазборы» па адным томе, а Алесь Адамовіч — два. Чаму?

Два тамы яшчэ ў Элізы Ажэшка. Бясспрэчна, па другім томе заслугоўваюць і Купала з Коласам, і Адам Міцкевіч. Скажам, той жа Гілевіч дакараў мяне, што ў купалаўскі том не ўвайшла драма «Раскіданае гняздо». Але як ты ў адну кнігу ўсё ўвапхнеш? Думаю, выдадзім асобнымі тамамі і «На ростанях» Коласа, і міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша» ў перакладзе Язэпа Семяжона.


— У серыі ў свой час выйшлі кнігі Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны, Ларысы Геніюш, якіх прыўладныя прапагандысты і сёння вінавацяць бог ведама ў якіх грахах. Як вы ставіцеся да такіх звінавачванняў?

Названыя вамі пісьменнікі — прадстаўнікі гэтак званай эміграцыйнай хвалі. Тут трэба разумець адно — на чужыну яны ўцякалі ад сталінскіх рэпрэсій. Арсеннева ў 1939 годзе пабывала ў высылцы, Сяднёў ледзь выбавіўся з ГУЛагу, куды трапіў у 1936-м. Дарэчы, у пачатку 1990-х ён прыязджаў у Беларусь з ЗША, расказваў, як мыў золата на падканвойных радовішчах на Калыме. Ужо на эміграцыі Сяднёў напісаў два раманы, у якіх паказаў той страшны час. Між іншым, наш славуты навуковец Барыс Кіт быў ініцыятарам намінавання Сяднёва на Нобелеўскую прэмію. І вось куды ім было дзявацца пасля вайны? Зноў у лагер вяртацца? Усё ж яны рабілі сваю справу сумленна, пісалі пра Беларусь, гэта добрыя беларускія пісьменнікі. Чаму мы іх павінны адкідваць? Мы стараемся, каб у нашай серыі беларуская літаратура была прадстаўлена шырока і праўдзіва. Гэтым прынцыпам мы кіраваліся і калі выдавалі вялікі том (700 старонак) пад назвай «Расстраляная літаратура», дзе змясцілі творы 66-ці знішчаных бальшавіцкай уладай пісьменнікаў. Пераважна маладых, якія толькі пачыналі пісаць, яшчэ не разгарнуліся па-сапраўднаму. Цяжка нават думаць пра гэта…


— Вялікія наклады, золата на вокладцы… Дзе ж вы бралі грошы на выданне серыйных кніг?

Грошы заўсёды здабываліся з вялікай цяжкасцю. Некаторыя мецэнаты, калі згаджаліся дапамагчы, прасілі, каб не агучваліся іх імёны. Баяліся наезду ўладаў. Зрэдку дапамагалі нашчадкі. Скажам, сына Рыгора Крушыны Ігара Казака мы знайшлі ажно ў ЗША, у Фларыдзе, і ён з разуменнем успрыняў нашу прапанову. Потым сын спецыяльна прылятаў на прэзентацыю кнігі і быў вельмі задаволеным, што мы вярнулі на радзіму творчасць яго бацькі.

— А дзяржаўныя структуры неяк вам дапамагалі?

Аднойчы мне пазванілі з канцылярыі старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча з просьбай падабраць пэўныя тамы. Як аказалася, Міхаіл Уладзіміравіч збірае нашу серыю. Мы падабралі, але я вырашыў схадзіць да Мясніковіча і папрасіць фінансавай падтрымкі. Ён мяне ветліва выслухаў і паабяцаў, што паспрыяе, знойдзе мецэната. Праз нейкі час азваўся дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім», дзе кіраўніком тады быў Іван Бамбіза. І праўда, дзве кнігі ён прафінансаваў. Але ж я на гэтым не спыніўся. Пайшоў да Мясніковіча яшчэ раз, і ён зноў паабяцаў дапамагчы. Ну, бачыць жа, што мы добрую справу робім!

— І хто на гэты раз раскашэліўся па просьбе Мясніковіча?

З яго падказкі і ад яго імя мы напісалі пісьмо Паўлу Барадзіну — на той час дзяржаўнаму сакратару гэтак званай «саюзнай дзяржавы». Прасілі грошай на пяць кніг — 15000 долараў, калі не памыляюся. І нібыта было прынята станоўчае рашэнне, мы нават падзяку Барадзіну выказалі. А потым ён як быццам засумняваўся, ці не пойдуць тыя грошы на падтрымку беларускай апазіцыі. І — ні капейкі не даў! Хоць «Беларускі кнігазбор» заўсёды абмінаў палітыку, але нехта, відаць, паінфармаваў таго Барадзіна ў патрэбным святле… Ходзячы па розных прадпрымальніках у пошуку грошай, я, напэўна, стаптаў не адну пару чаравікаў…

— Таму ўрэшце і папрасіліся пад крыло акадэмічнага выдавецтва «Беларуская навука»?

А што было рабіць? Каб не «Беларуская навука», я не ведаю, што стала б з «Беларускім кнігазборам». Намеснік дырэктара выдавецтва Станіслаў Нічыпаровіч нас падтрымліваў і тады, калі быў намеснікам міністра культуры і друку. Ён малайчына, шмат дапамагаў мне. І яшчэ раней прапаноўваў узяць нас пад дзяржаўнае крыло. Пабачыўшы, як мы тузаемся на безграшоўі, Станіслаў Антонавіч неяк выклікаў мяне, пасадзіў побач з дырэктарам «Мастацкай літаратуры» Георгіем Марчуком і кажа: «Давайце мы Цвірку і яго каманду залічым у штат выдавецтва». Але тады мы з Генадзем Вінярскім падумалі — а як жа мы выдадзім пісьменнікаў-эмігрантаў, тую ж Арсенневу ці Сяднёва? Марчук жа пабаіцца. І мы адмовіліся далучацца, рашылі працягваць сваё вольнае плаванне, хоць выжываць было вельмі цяжка. Але неяк жа змаглі выдаць і Арсенневу, і Сяднёва, і Аляхновіча, і Геніюш… У «Мастацкай літаратуры» ніколі б не выдалі.

— Думаю, сёння і ў «Беларускай навуцы» гэтыя аўтары не прайшлі б. А ці не ўмешваюцца акадэмічныя рэдактары ў змест кніг? Не цэнзуруюць?

Аднойчы толькі ўзнікла праблема — пры выданні тома Уладзіміра Караткевіча. Тады супраць Васіля Быкава ў дзяржаўных СМІ ішла цэлая кампанія, а Караткевіч яму верш прысвяціў, і здымак іх сумесны ішоў у кнізе. І вось мне прапанавалі зняць і верш, і здымак. Я адмовіўся. Выдавецтва настойвала. Раз так, кажу, то я забіраю кнігу. Пазней мы ўсё ж знайшлі спосаб выдаць яе ў такім выглядзе, як хацелі. Лічу, што ў падобных выпадках кампрамісы недапушчальныя.

— Сёння беларускія кнігавыдавецтвы з'яўляюцца за мяжой. Вы з надзеяй глядзіце на іх дзейнасць?

Беларускія кнігі павінны выдавацца ў Беларусі, гэта вельмі важна. Мы на сваёй зямлі, чаму мы мусім некуды ўцякаць? Ці ж магчыма ратаваць Беларусь з-за мяжы? Трэба ратаваць яе тут і цяпер, а не чакаць лепшых новых часоў. Калі нехта проста спрабуе перасядзець ліхі час за мяжой у спадзяванні на змены ў Беларусі, то можа іх ніколі не дачакацца.

— А якія кнігі ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйдуць у найбліжэйшы час?

Ганна Кісліцына з Акадэміі навук вельмі хораша ўклала том Алеся Разанава. Марыяй Новік з Брэста падрыхтавана кніга Уладзіміра Калесніка — там надзвычай цікавая мемуарная проза, пра знаходжанне ў партызанах, пра пасляваеннае жыццё. Ну, і ўжо здадзены ў друкарню падрыхтаваны мной том Ядвігіна Ш.

— Вы проста здзіўляеце ўсіх сваёй працаздольнасцю. Вы і «Беларускі кнігазбор» распачалі, ужо выйшаўшы на пенсію. Ці адчуваеце ў сабе сілы давесці серыю да задуманых 200 тамоў?

Я ўжо склаў выдавецкі план да 2045 года. Мая жыццёвая праграма такая: буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору»!