Кіеўскі кінафестываль раздаў узнагароды. «Жыве Беларусь!» — па-за конкурсам
Гран-пры 43-га Кіеўскага міжнароднага кінафестывалю «Маладосць» і сертыфікат на суму 80 тысяч грыўняў (10 тыс. долараў) атрымаў студэнцкі кароткаметражны фільм «Чалавечая маса» рэжысёра Габрыэля Гошэ з Вялікабрытаніі пра беспрацоўнага і бюракрата.
Франак Вячорка пасля прагляду "Жыве Беларусь!" у Кіеве, 23 кастрычніка 2013
Пераможцам міжнароднага поўнаметражнага конкурсу стаў фільм «Іло Іло» рэжысёра з Сінгапуру Энтані Чэна. Ён атрымаў сертыфікат на суму 2 500 долараў.
Фільм «Гаспадары» рэжысёраў Агусціна Таскана і Эзэкіля Радускі з Аргенціны атрымаў спецыяльную ўзнагароду «За мастацкае
ўвасабленне адносін паміж слугамі і гаспадарамі і працяг традыцыяў Бюнюэла і Лоузі». Першае месца ў студэнцкім міжнародным конкурсе атрымаў фільм
«Маці» Лукаша Асальскага, рэжысёра з Польшчы.
Фільм «Жыве Беларусь!» паказалі 23-га кастрычніка ў кінатэатры «Кіеў» у пазаконкурснай праграме фестывалю. У конкурсе
ён не мог удзельнічаць, паколькі быў зняты ў мінулым годзе. На паказе прысутнічалі студэнты, кінакрытыкі, журналісты. Сярод іншых, вядомы журналіст і аўтар украінскай
службы радыё “Свабода” — Віталь Портнікаў.
Пасля фільму суаўтары фільму Францішак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч адказалі на пытанні гледачоў.
У гэтым годзе на фестывалі было паказана каля 300 фільмаў з паўсотні краінаў свету. За прыз у паўнаметражным конкурсе спаборнічалі 12 фільмаў.
Спецыяльным госцем фестывалю стаў рэжысёр Ульрых Зайдль.