Класіка беларускай літаратуры, які пахаваны ў Казахстане, перапахаваюць у Беларусі
У 2020 годзе — магчыма, ужо вясной — класіка беларускай літаратуры, пісьменніка і паэта Змітрака Бядулю маюць перапахаваць у Беларусі. Пра гэта расказаў Свабодзе Аляксандар Сапега, прэзідэнт дабрачыннага фонду Марыі Магдалены Радзівіл і кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі, якому даверылі арганізаваць перапахаванне.
Ініцыятыва перапахавання належыць сыну Змітрака Бядулі — 86-гадоваму Яфіму Самуілавічу. Ён жыве ў Мінску і ўжо не можа лятаць на бацькаву магілу ў Казахстан. Міністэрства замежных справаў Беларусі, ганаровы консул і амбасада Беларусі ў Швейцарыі дапамагаюць Аляксандру Сапегу ў арганізацыі перапахавання фінансава і арганізацыйна.
Сапега ўжо атрымаў у Казахстане дазвол на эксгумацыю і вываз цела Змітрака Бядулі. Да канца студзеня ён плануе прыляцець у Казахстан, каб прысутнічаць пры эксгумацыі як давераная асоба, і даставіць парэшткі ў Мінск. Перш цела збіраліся паддаць крэмацыі для перавозкі, але выявілася, што ва ўсім Казахстане няма крэматорыяў.
Перапахаванне ў Мінску плануюць зрабіць публічным, каб развітацца маглі ўсе ахвочыя. Дакладнае месца перапахавання яшчэ не вызначылі.
Сапега кажа, што Вайсковыя могілкі — гэта «план Б», а асноўны варыянт ён пакуль хоча не называць.
Магчыма, пасля таго як парэшткі Змітрака Бядулі трапяць у Беларусь, спатрэбіцца месяц або два, каб пахаваць іх. Сапега адзначае, што займаўся перапахаваннем княжны Магдалены Радзівіл (яе ў 2018 годзе перапахавалі ў мінскім касцёле Святога Роха, парэшткі даставілі з Швейцарыі), і гэта яго навучыла не прызначаць адразу дакладную дату перапахавання — «думаць на два крокі наперад», але ўлічваць, што розныя нарматыўныя працэдуры і разгляд зваротаў могуць зацягнуцца.
Ідэю перапахаваць Змітрака Бядулю ў Беларусі агучыў у 2017 годзе грамадзкі дзяяч Глеб Лабадзенка, ідэю падтрымалі сын і ўнук пісьменніка. Літаратар памёр у 1941 годзе па дарозе ў эвакуацыю недалёка ад гораду Уральску ў Казахстане.
Тым, хто ставіў помнік, складана было разабрацца ў нязвыклым вымаўленні, таму Змітрок пераўтварыўся на манер прозвішча ў «Змитров». Бядуля, адпаведна, выглядае як імя. Некаторыя літары збітыя, сама пліта патрэскалася і патрабуе радыкальнага абнаўлення. Год нараджэння пазначаны з памылкай: 1889, трэба 1886.