Клімавіцкі хлебазавод абраў сабе беларускамоўны брэнд

Новы брэнд кампаніі «Daloni» ня толькі беларускамоўны, але і выкананы беларускай лацінкай.



daloni150604_4njwu.jpg

Для Клімавіцкага камбінату хлебапрадуктаў, што на Магілёўшчыне, распрацавалі брэнд з беларускім словам «Далоні». Гандлёвая марка прадпрыемства напісаная лацінкай і мае афармленне ў белых і чырвоных колерах. Пад гэтым брэндам будуць прадаваць муку, камбікорм, крупы, рапсавы алей, мучныя паўфабрыкаты.

«Уся прадукцыя, якую выпускае наш камбінат, робіцца нашымі рукамі, таму слова «Далоні» найбольш пасуе нашаму брэнду. У ім цеплыня і любоў, з якой мы вырабляем нашу прадукцыю», — тлумачыць выбар назвы брэнду начальнік аддзелу маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства Святлана Каратцова.

«Слова «Далоні» сугучнае і з італьянскімі словамі, і шыкоўна гучыць на беларускай мове. Гэта слова аб’ёмнае, і яго можна па-рознаму тлумачыць, — дадае суразмоўніца. — Мы — вялікае прадпрыемства і вырабляем не толькі муку, але, апошнім часам, шмат увагі надаём харчовым канцэнтратам. Цалкам верагодна, што мы будзем ісці гэтай дарогай і далей. Невядома, на якія новыя рынкі мы выйдзем. Мо, неўзабаве, не італьянскія спагеці будзем есці, а свае вырабляць».

Святлана Каратцова прызнае, што ў асартыменце прадукцыі прадпрыемства пакуль няма беларускамоўных назваў, але над гэтым пытаннем ужо думаюць.

Паводле суразмоўніцы, асноўны рынак збыту прадукцыі камбінату — расійскі. Нямала яе прадаюць ва Украіне. Ёсьць пастаўкі і ў краіны Еўразвязу.

Святлана Каратцова зазначае, што працэс рэгістрацыі гандлёвай маркі доўгі, і могуць быць розныя нечаканасці.

Брэнд для камбінату распрацавала мінская фірма Public Group.

Радыё Свабода