Крэатыўнае лета пачалося ў вёсцы Каптаруны
У вёсцы Карпатуны крэатыўнае лета распачаў пленэр. У праграме пленэру быў і майстар-клас па акварэльным малюнку ў Лынтупах. Але мясцовыя ўлады прыраўнялі яго да масавага мерапрыемства...

Крэатыўнае лета пачалося сёлета на Лынтупшчыне з пленэру ў вёсцы Каптаруны, дзе ўжо некалькі гадоў запар набываюць сабе дамы вядомыя ў сталіцы творцы.
Напаўзакінутая вёска Каптаруны, што недалёка ад Лынтупаў, паступова набывае другое жыццё і некалькі разоў на год становіцца адным з культурных цэнтраў Беларусі.

Распавядае мастак, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Партызан”, а таксама гаспадар аграсядзібы Артур Клінаў:
— Гэтым пленэрам мы адчыняем Крэатыўнае лета ў Каптарунах. У Гэтым сезоне ў нас будзе некалькі мастацкіх імпрэзаў: гэта першая, пленэр, збольшага фатаграфічная.
У плане гэтага сезону яшчэ дзве сур’ёзныя імпрэзы: кінафестываль памежнага кіно, літаратурны фестываль «Міжмор’е». Паступова тут будзе нашмат больш удзельнікаў, больш творчых людзей і гэта будзе, як мы яе называем паміж сабой, «Свабодная рэспубліка Каптаруны».
У праграме пленэру быў яшчэ запланаваны майстар-клас па акварэльным малюнку ў саміх Лынтупах. Але ж мясцовыя ўлады прыраўнялі яго да масавага мерапрыемства, і таму давялося везці ўсіх яго ўдзельнікаў у Каптаруны.

