Крычаўскага святара, які забудоўваў гарадзішча, прыцягнуць да адказнасці

Пасля публікацыі ў «Новым Часе» артыкула пра разбурэнне помнікаў у Крычаве дзякуючы неабыякавым да спадчыны беларусам удалося прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці настаяцеля Мікалаеўскай царквы.

Мікалаеўская царква ў Крычаве, фота: Вікіпедыя

Мікалаеўская царква ў Крычаве, фота: Вікіпедыя

«Дзякуючыпублікацыі ў газеце пра свавольства настаяцеля ў Крычаве, якое прывяло да разбурэння культурных каштоўнасцей, наяўнасці ў мяне гісторыка-архітэктурнага плана Крычава і неабыякавасці ўдзельніка майго тэлеграм-канала «Спадчына», Аляксея Дужага, які даслаў зварот у райвыканкам, парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Разам пераможам!», — напісаў у рэдакцыю НЧ чытач Уладзіслаў Чаховіч. 
Нагадаем, настаяцель Мікалаеўскай царквы ў Крычаве, што стаіць на гарадзішчы Замкавая гара, Андрэй Ігнатушка заняўся ўладкаваннем уваходнай часткі на Замкавую гару і ў царкву, зруйнаваўшы добрых некалькі метраў вала. Пазней святар вырашыў пабудаваць побач царкоўную лаўку, знесшы яшчэ некалькі метраў вала, чым нанёс шкоду помніку археалогіі. 

img_20200413_171828_749_logo_1_logo.jpg

Гісторыка-архітэктурны план Крычава

У адказе намесніка старшыні Крычаўскага райвыканкама гаворыцца, што Мікалаеўская царква ў Крычаве з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а землі, на якіх яна размешчана, — помнік археалогіі. Правядзенне будаўнічых і зямельных работ у межах зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці без дазволу Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук забаронена.

img_20200413_171914_829_logo.jpg

Скрыншот адказа Крычаўскага райвыканкама

«Уласніку Мікалаеўскай царквы дадзена прадпісанне аб забароне правядзення будаўнічых і зямельных работ па ўзвядзенні царкоўнай лаўкі да поўнага афармлення неабходнай дакументацыі і правядзення работ па кансервацыі рэштак цагляных збудаванняў, размешчаных на царкоўных землях.
Настаяцель Мікалаеўскай царквы будзе прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з арт. 21.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях».

Таксама паведамляецца, што зварот Аляксея Дужага знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме.