«Кубак шампіньёнаў з музеем Багдановіча» у межах міжнароднай акцыі «Ноч музеяў»
Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на штогадовую акцыю «Ноч музеяў», якая гэтым разам збярэ ўсіх прагных да перамогаў і рэкордаў. Наведвальнікаў чакае праграма на любы густ: цягам свята можна заставацца гледачом і стаць сведкам новых перамог, а можна самому стаць пераможцам.
Падбадзёрыцца перад пачаткам спаборніцтваў дапамогуць “стадыённыя” гімны ад “Спеўнага сходу” на чале з Сяргеем Доўгушавым.
На адкрыцці выстаўкі з удзелам пераможцаў прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча можна будзе пачуць не толькі пра літаратурныя перамогі вядомых аўтараў, але і пра шлях да поспеху, на якім сустракаліся і паразы.
Адной з галоўных падзей “Ночы музеяў” стане паэтычнае спаборніцтва “Мінскі рахунак”. Па аналогіі з вядомым спаборніцтвам паміж асілкамі ў Гамбургу паэты самі выберуць мацнейшага з іх, а аматары творчасці змогуць падтрымаць свайго фаварыта.
Цягам свята вас чакае выступ гуртоў “Ketri”, “PyLai” і Георгія Дабро.
Ахвотных да актыўнасцяў будуць чакаць адмысловыя пляцоўкі з магчымасцю прыняць удзел у разнастайных спаборніцтвах – сур'ёзных і не вельмі: шашкі-“пстрычкі”, “шуфлядка”, “літаратурны кракадзіл”, “папера, нажніцы, камень”, збіранне кубіка Рубіка, настольныя гульні, марафон ад Вільні да Мінска па “Зачараваным царстве”, музейны квэст па экспазіцыі і іншыя. Прымаць удзел у іх можна як камандай, так і індывідуальна.
Найбольш кемлівыя, моцныя і спрытныя атрымаюць прызы ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і партнёраў: Саюза беларускіх пісьменнікаў, кампаній lstr.by, supertoys.by, symbal.by, “Будзьма беларусамі!”.
Пачатак — 18 траўня 2019 года ў 17.00 (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а)
Паводле прэс-службы Літаратурнага музею Максіма Багдановіча