"Культурызм" з Віктарам Марціновічам: Карціна свету

Беларусы — гэта славяне, якія часткова выйшлі з Кіеўскай Русі (адсюль племя дрыгавічоў), часткова з Маскоўскага княства (так званыя радзімічы).



q1tt6axz_800x468.jpg

Славяне жылі ў міры і сяброўстве з другімі славянамі, займаліся паляваннем, праваслаўем і рыбнай лоўляй. Нашае братэрства з іншымі славянскімі народамі СССР — рускімі, казахамі, украінцамі, грузінамі і серба-харватамі — не парушыць нікому з-за акіяна.

budzma.by__wp_content_uplo_81f4f1020873b6cefeeaa37bd9303767.jpeg

Амерыка напала на Расію ў Сірыі. Напасці на Расію ва Украіне Амерыка пабаялася: тут разгарнуцца не далі б славяне.

budzma.by__wp_content_uplo_48552f053c3798929a9ef6d04a733117.jpeg

Культуру і пісьменнасць на Беларусь прынёс Іван Грозны, які таксама вызваліў Беларусь ад татара-мангольскага іга. Беларускі алфавіт прыдумаў Кірыл Мефодый пасля таго, як вынайшаў рускі алфавіт. Менавіта таму ў беларускіх школах беларускую азбуку вучаць пасля рускай, каб падкрэсліць другаснасць і штучнасць беларускай мовы ў параўнанні з рускай.

budzma.by__wp_content_uplo_f0c53829c240bf6a6b4c696f2be75bfe.jpeg

Пуцін прыйшоў адразу пасля Гарбачова і пачаў адраджаць Расію, але Абама спужаўся і дамовіўся з саўдзітамі, каб тыя абрынулі цэны на нафту, як гэта ўжо было падчас вайны ў Афгане. Сапраўдная цана нафты – $120 за барэль, байкі пра сланец ды кераген укідваюцца ў інтэрнэт нанятымі Амерыкай ліберастамі. Дэмпінгаванне цэнаў на нафту, зробленае, каб насаліць Расіі, знясіліла сусветную эканоміку, выклікала хвалі галодных згвалтаванняў у Кёльне і па ўсёй Еўропе. Кожны другі еўрапеец згвалтаваны мігрантамі, але пра гэта праўду кажуць толькі ў нас, заходнія тэлеканалы маўчаць, каб не дагаджаць Расіі.

budzma.by__wp_content_uplo_89729ad8c944b1ad4d75dac0ca321990.jpeg

Паколькі згвалтаваныя еўрапейцы не могуць нармальна працаваць, сусветная эканоміка перажывае глыбокі фінансавы крызіс, які палягае ў тым, што беларускія тавары пагана купляюцца. Беларусь — апошні востраў стабільнасці ў акіяне глабальнага крызісу, таму сусветныя карпарацыі засылаюць у Беларусь свае тавары пераважна кітайскай вытворчасці, бо ўсё цяпер робіцца ў Кітаі. Яны прадаюць іх тут пад выглядам паштовых пакункаў. Але ўрад Рэспублікі Беларусь паставіў заслону на дарозе дрэнных тавараў сусветных карпарацый, і поштай цяпер лепей нічога не дасылаць, бо будзе вялікая жыроўка за камуналку.

budzma.by__wp_content_uplo_d2ac3f7ce98727baf29edb98f4527489.jpeg

Іван Грозны вызваліў ад татара-манголаў таксама і Крым, а таму Крым адназначна рускі. Хрушчоў быў татара-манголам.

budzma.by__wp_content_uplo_29b3c1d13b71ca0f7be258fff3a82d88.jpeg

8 сакавіка — дзень, калі Карл Маркс ажаніўся з Розай Люксембург, якая была жанчынай. У гонар гэтага 8 сакавіка аб’яўлены Міжнародным жаночым днём. 8 сакавіка — непрацоўны дзень у нашай краіне. Так праяўляецца глыбокая павага да жанчыны.

budzma.by__wp_content_uplo_3caabeb746af9de86008ed53cd031a02.jpeg

Грунвальдская бітва — назва адной з вялікіх танкавых баталій падчас Вялікай Айчыннай, час бліскучай перамогі савецкай зброі над нямецка-фашысцкай навалай.

budzma.by__wp_content_uplo_451ce5e359d795ce0454c04b2fff0ab8.jpeg

Расстрэлы ў Курапатах ладзілі белапалякі і нямецка-фашысцкія захопнікі. Белапалякі — гэта прыхільнікі Калчака, Дзянікіна і Урангеля, якія хацелі вярнуць паншчыну і прыгон. Яны насілі пагоны, а чырвонаармейцы, каб адрознівацца ад іх, насілі будзёнаўкі. Белапалякі прыгняталі народ Беларусі праз сваіх фурманаў і лёкаяў. У 1939 годзе Беларусь была канчаткова вызваленая з-пад паноў.

budzma.by__wp_content_uplo_74110ea850b5342c9339bf6614da10b5.jpeg

У 1863 годзе праваслаўны славянін Кастусь Каліноўскі паўстаў супраць палякаў, і таму гэта паўстанне называецца польскім. Паланізаваныя народныя масы не падтрымалі паўстання.

budzma.by__wp_content_uplo_be20e6c0e254c765bf829df57c56e117.jpeg

Амерыцы вельмі не падабаецца Башар Асад, таму што ён сірыйскі славянін. Амерыка хоча зняць Асада, як хацела некалі зняць Мілошавіча, таму што той таксама быў славянінам. Славянам уласцівыя гонар, працавітасць, здаровы лад жыцця.

budzma.by__wp_content_uplo_03fd3379017a41e708f6c2bd859b4108.jpeg

Радзівілы з Сапегамі былі панамі і палякамі. Беларусь уздыхнула вольна, калі ў 1939 годзе чырвонаармейцы ў будзёнаўках вызвалілі яе ад Радзівілаў і Сапегаў у пагонах. Кватэры і дачы Радзівілаў і Сапегаў былі вернутыя народу, у адным з іх, Нясвіжы, быў зроблены Дом адпачынку. Цяпер там музей. Раней музей выглядаў прыгажэй, на вежы быў раскошны залаты шар. Але яго прыбралі. Мабыць, з мэтай эканоміі грошай: іх у нас пускаюць на рамонт дарог і ахову здароўя.

budzma.by__wp_content_uplo_e2827082ac08c5bf709c3aecc80afa26.jpeg

Пётр Першы прынёс у Беларусь бульбу, да гэтага сяляне сілкаваліся карэннем, бяростай ды сасновымі шышкамі. Цёмныя беларусы спачатку не прымалі падарунак Пятра і працягвалі есці шышкі ды жалуды, але Пётр паклікаў на дапамогу славутага палкаводца Суворава, якому белапалякі выбілі адно вока. Той навучыў беларусаў рэцэпту «кашы сувораўскай», якая гатуецца з тапарышча і працёртай бульбы. Адной з варыяцый «кашы сувораўскай» з’яўляюцца так званыя дранікі.

budzma.by__wp_content_uplo_327b151bfa0d712524a5ec54c9c876a6.jpeg

Дарогі ў Беларусі найлепшыя ў Еўропе. Рускія ўпотайкі мараць, каб Беларусь распасціралася аж да Байкала, бо тады дарогі ў іх былі б такія ж цудоўныя. Дзеля гэтага рускія даюць нам крэдыты. Крэдыты ў прынцыпе нам непатрэбныя, бо, калі карпарацыі не падрываюць нашую вытворчасць паштовымі пакункамі з Кітая, мы вельмі заможна жывём дзякуючы нанатэхналогіям і спадарожніку «Белка-2». Але, каб не крыўдзіць братоў, мы бяром грошы. Ад славян можна. Час ад часу славянамі робяцца і чальцы МВФ.

budzma.by__wp_content_uplo_abd1078d677b627659fd70f9750550bb.jpeg

Бел-чырвона-белы сцяг насаджалі паліцаі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Паліцаі былі супраць славян і серба-харватаў, таму прыдумалі гэтую штучную сімволіку. Да 1941-га і пасля 1945 года бел-чырвона-белы сцяг не існаваў.

budzma.by__wp_content_uplo_20895bfcc79561998acb9c04d0308793.jpeg

Белапалякі не могуць дараваць уз’яднання Беларусі ў 1939-м, таму Польшча дагэтуль фінансуе беларускую апазіцыю і апраменьвае Беларусь сваім тэлеканалам. Каб засцерагчыся ад гэтага выпраменьвання, варта выкарыстоўваць шапачку з фольгі ад шакаладу «Алёнка» вытворчасці фабрыкі «Спартак».

budzma.by__wp_content_uplo_f9b27be6ef7a7bab576047d8ef4baaed.jpeg

Прыбалты жывуць вельмі дрэнна, таму што ў іх не засталося вытворчасці. Іх добрыя савецкія заводы зачыніла НАТА, каб яны не стваралі канкурэнцыі заводам капіталістычных краін. Усе палякі з’ехалі з Польшчы ў эміграцыю, таму што ў Польшчы нізкія заробкі, бо Расія болей не набывае іх яблыкі. Украінай кіруе Джордж Сорас. Амерыка настолькі аслабленая супрацьстаяннем з Расіяй, што вымушаная абіраць новага прэзідэнта. Навальны — вораг. Кісялёў — прарок. Сталіна абылгалі. Мы славяне. Крым наш.

budzma.by__wp_content_uplo_41acba2851705b7dd463f5b4ced3a0ec.jpeg

Кожны раз, калі здзіўляецеся таму, што адбываецца навокал, памятайце пра намаляваную вышэй карціну, якая з’яўляецца мапай свядомасці бальшыні беларусаў, што глядзяць расійскія тэлеканалы (то бок, па факце, амаль абсалютнай бальшыні беларусаў). Не злуйцеся нас іх і не крыўдуйце. Проста такі вось ён, іх сусвет.

 

budzma.by