Купалаўцы праводзяць Тыдзень роднай мовы са свабодным доступам да спектакляў
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага, але купалаўцы будуць святкаваць цэлы тыдзень і пачалі з 15 лютага.
З 15 па 21 лютага 24 гадзіны на суткі будзе свабодны доступ да спектакляў на ютуб-канале «Купалаўцы».
У праграме Тыдня — Radziva Prudok, «Войцэк» і «Я» Рамана Падалякі, «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» і «Тутэйшыя» Мікалая Пінігіна. А таксама аўдыёпраект «1984» Джорджа Оруэла і аўтарскі музычны праект «Я гавару», створаны самімі Купалаўцамі на вершы сучасных беларускіх паэтаў.
Паказы спектакляў будуць бясплатныя, але, калі вы хочаце падтрымаць трупу, на іх можна будзе набыць і ўваходны квіток па спасылцы.