Купалле-2017 у штаце Нью-Ёрк (фота)
У ноч з 24-га на 25-е чэрвеня амерыканскія беларусы у чарговы раз
адзначылі Купалле — прыгожае свята жыцця і кахання.
Падрыхтоўкай і арганізацыяй святкавання займаліся сябры
Беларуска-Амэрыканскага Згуртавання "Пагоня" — Віталь Зайка,
Валянціна Якімовіч і сямья Алены і Юрыя Кавальчукоў.
Многія з гасцей
прыехалі на Купалле ўпершыню, а некаторыя прывезлі з сабой і маленькіх
дзяцей. Валянціна Якімовіч патлумачыла значэнні купальскіх сімвалаў і
спеваў, каб кожны лепш зразумеў сэнс гэтага свята і гульняў вакол
вогнішча.
Агульнаабраныя Купаліш і Купалінка распалілі вогнішча і
распачалі святкаванне і спевы. Адным з найбольш захапляючых рытуалаў,
безумоўна, былі скокі праз вогнішча.
Арганізатары падтрыхтавалі
адмысловы напой, настояны і звараны са шматлікіх зёлкаў і мёду —
крупнік.
Варта выказаць шчырую падзяку ўсім, хто прычыніўся
да падрыхтоўкі і правядзення Купалля, бо праз падтрымку беларускіх
традыцый адбываецца і пашырэнне ведаў пра Беларусь і гуртаванне
беларусаў замежжа.
Фота Сержа Трэгубовіча