Кветачка — майстэрня настрою

У гандлёвым цэнтры “Бонус у Смаргоні (насупраць касцёла) адкрылася майстэрня настрою. Так пазіцыянуюць сваю краму хэндмэйду Кацярына і Аляксей Нарэйка, якія вітаюць наведвальнікаў па-беларуску і нязмушана ідуць на кантакт з кожным цікаўным.



post_207_1353778338_w_800.jpg

post_207_1353778548_w_800.jpg

У краме прадстаўленыя вырабы майстроў з розных куткоў Беларусі і Літвы. Так захапленне гаспадыні крамы Кацярыны рознага кшталту хэндмэйдам вылілася ў сямейную справу.
- Я вучуся на гістарычным факультэце педагагічнага універсітэта імя Танка, - распавядае Каця,  -  але заўсёды больш схілялася да творчага кірунку. Пабачу новыя тэхнікі – і адразу захапляюся, вывучаю, спрабую штосьці ствараць сама. Адзінае, напэўна, што не спрабавала, гэта ганчарнае майстэрства і разьба па дрэве.

post_207_1353778587_w_800.jpg


Сям’я пераехала ў Смаргонскі раён два гады таму. Калі шукалі хату, кіраваліся экалагічнамі крытэрамі і спыніліся на вёсцы Ардзяя – у лесе, ля самой мяжы з Міцкевіцкім заказнікам. Шмат павандраваўшы па Еўропе, а перад адкрыццём крамы натхніўшыся кірмашамі Велікабрытаніі, Аляксей і Кацярына прывезлі запал у Смаргонь. Іх цешыць, што на гэтай тэрыторыі захавалася шмат беларушчыны, якая ідзе знутры мясцовых людзей – прынамсі, так кажа Каця і дадае, што ім самім беларуская мова вельмі спрыяе ў кантактах:
- З майстрамі мы знаёмімся на кірмашах. Калі штосьці спадабалася, папросту падыходзім і пачынаем размову. І людзі, пачуўшы беларускую гаворку, ставяцца вельмі лагодна, усміхаюцца.

post_207_1353778670_w_800.jpg


- Нам хацелася б вывесці гэтую справу на іншы ўзровень, падштурхнуць людзей да развіцця, - кажа Аляксей. - Часта чалавек здольны штосьці рабіць, але затухае па прычыне адсутнасці выйсця за рамкі ўласнай кватэры. Наша справа дапамагае заахвоціць людзей да новых ідэяў. Напрыклад, беларускі лён. Хочацца выкарыстоўваць гэты матэрыял у адзенні, пашытым па сучасных лекалах. Тое, што прадстаўлена ў мінскай краме “Лянок, не адпавядае сучаснасці. Мы ўжо шмат год не жывем у Савецкім Саюзе, а дагэтуль ходзім у аднолькавай вопратцы, у нашых кватэрах аднолькавая мэбля, сувеніры, рамонты - мы хочам пазбавіцца ад гэтага.

post_207_1353778706_w_800.jpg

post_207_1353778774_w_800.jpg

post_207_1353778896_w_800.jpg


З часам Кацярына і Аляксей плануюць папоўніць асартымент крамы не толькі вырабамі, але і расходнымі матэрыяламі для хэндмэйду - гэта, у сваю чаргу, дасць магчымасць праводзіць майстар-класы, да якіх змогуць далучыцца ўсе цікаўныя.

Крыніца: http://smorgon.org/town/4545