Легенда, якую завуць Элтан Джон
Вечар 26 чэрвеня беларускія меламаны будуць помніць доўга — на «Мінск-Арэну» выйшаў Артыст, прыезду якога чакалі тысячы людзей рознага ўзросту, розных светапоглядаў, але якіх аб’ядноўвае адно — любоў да добрай і якаснай музыкі. Карацей, у Беларусі выступіў сам сэр Элтан Джон (Рэджынальд Кенет Дуайт)!
Вечар 26 чэрвеня беларускія меламаны будуць помніць доўга — на «Мінск-Арэну» выйшаў Артыст, прыезду якога чакалі тысячы людзей рознага ўзросту,
розных светапоглядаў, але якіх аб’ядноўвае адно — любоў да добрай і якаснай музыкі. Карацей, у Беларусі выступіў сам сэр Элтан Джон (Рэджынальд Кенет Дуайт)!
Майстар прыехаў у Мінск у межах сусветнага турнэ «Elton John’s Rocket Man Greatest Hits Tour». Беларусь, дарэчы, стала адзінай краінай з усяго СНД, дзе выступіў Элтан Джон
падчас гэтага свайго туру.
У агромністай шматтысячнай зале «Мінск-Арэны», нягледзячы на даволі высокія па беларускіх мерках кошты (некаторыя квіткі каштавалі па пару соцень долараў у пераліку, а то і болей),
свабодных месцаў амаль не было. На канцэрт прыехалі гледачы не толькі з розных раёнаў Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі.
Сэр Элтан Джон, у адрозненне ад іншых артыстаў (як айчынных, так і замежных), што ўжо прывучылі публіку да сама мала паўгадзінных зацягванняў свайго выхаду на подыум, быў даволі пунктуальным. Ён
вытрымаў «джэнтльменскую» пятнаццаціхвілінную паўзу, таму што не ўсе гледачы паспявалі своечасова заняць свае месцы. Акурат незадоўга да пачатку канцэрта сталіца Беларусі ў
літаральным сэнсе паплыла ў выніку наймацнейшай злівы, і даехаць да «Мінск-Арэны» было сапраўдным выпрабаваннем. Недзе ў 20.15 Маэстра літаральна ўзляцеў на сцэну, і
панеслася…
Элтан Джон, які выглядаў як заўсёды густоўна і бездакорна (ён быў апрануты ў цёмны стразаваны фрак, з-пад якога выглядала валошкавага колеру кашуля), адразу скіраваўся да любімага раяля, які музыка
заўжды возіць з сабой (дарэчы, як і ўсё іншае абсталяванне), і ўжо праз пару-тройку секунд стала зразумела, што перад публікай — выбітны кампазітар, спявак і піяніст. Аператары, якіх Элтан
Джон таксама прывёз з сабою, праецыравалі на спецыяльныя вялікія экраны не толькі твар выканаўцы, але яго пальцы, якія віртуозна лёталі па клавішах. Сам Маэстра час ад часу ўскокваў на крэсла ці на
раяль, сядаў на яго, боўтаючы нагамі, стукаў кулачкамі сабе ў грудзі, карацей, паводзіў сябе як малое дзіця (праўда, такіх момантаў было не так ужо і багата).
Як і абяцалі арганізатары канцэрту, сэр Элтан Джон выканаў усе свае найлепшыя хіты, якія ён напісаў за сорак гадоў. «Goodbye Yellow Brick Road», «Can You Feel The Love
Tonight», «Sorry seems to be the hardest word», «I Guess That’s Why They Call It the Blues», «Believe», старэнькая
«Crocodile Rock» і многія іншыя кампазіцыі ў публікі проста «зрывалі дах». Сам жа Майстар працаваў без перапынку, толькі пасля кожнай песні прыгубляючы вады з
агромністага грааля, каб крыху прамачыць напрацаванае горла.
Моц голасу, неверагоднае валоданне інструментам (раялем), шалёная энергетыка і мацнейшая харызма, чароўная мелодыка многіх яго кампазіцый — асноўныя складнікі сусветнага поспеху сэра Элтана
Джона. Музыкі, якога маюць за гонар прыняць у сябе і каранаваныя асобы, і прэзідэнты, і прэм’еры многіх краінаў. А публіка на яго канцэртах папросту шалее, і Мінск у гэтым сэнсе не стаў
выключэннем.
Відаць, сам Маэстра адчуў адваротную энергетыку з боку сваіх беларускіх фанатаў, бо пасля завяршэння канцэрту выйшаў да іх у залу, прыняў велізарныя букеты сваіх любімых ружаў, і, што па словах
адмыслоўцаў ёсць увогуле неверагодным для Элтана Джона, пачаў раздаваць аўтографы, а з адным хлапчуком нават сфатаграфаваўся наўпрост на сцэне і распісаўся на ягонай майцы. Вось пашчасціла
юнаку!
Хай бы на гэты канцэрт завітаў спадар Чаргінец, які збіраўся запатрабаваць запісы папярэдніх выступаў Элтана Джона на прадмет адпаведнасці яго творчасці і вобліку выканаўцы нормам беларускае маралі!
Ды не будзем пра сумнае…
Упершыню не хацелася ісці дадому пасля такога даволі працяглага (амаль дзве з паловай гадзіны!) канцэрту. Давялося прызнацца самому сабе, што такога ўзроўню я яшчэ не бачыў, хоць даводзілася бываць
на розных фестывалях, у тым ліку на буйных міжнародных з удзелам сапраўдных сусветных зорак. Элтан Джон узняў у Мінску планку на такую вышыню, што дацягнуцца да яе цяпер камусьці іншаму будзе вельмі
цяжка. Таму цяпер некалькі разоў падумаеш перад тым, як ісці на яшчэ які-небудзь канцэрт. Бо ад вечара 26 чэрвеня ўзровень прафесіяналізму выканаўцаў многія гледачы будуць вымяраць у
«Элтанах Джонах».