Лісты жыцця і кахання

«Дарагі Ты мой дружа, Здрыжнічак мой любы, кволы, колькі-ж у Табе ласкі, пяшчотнасьці. Нізка ўкланяюся перад Табою і цалую пыл з Тваіх ног. Сьвятая Ты ў мяне…»



kachannie.jpg

Лісты жыцця і кахання / Радзім Гарэцкі.— Мінск: Тэхналогія, 2013. — 124 с.
Акадэмік Радзім Гарэцкі выдаў кнігу, якую склалі лісты ягоных бацькоў. Бацька пісаў маці, калі ад’язджаў у камандзіроўкі (а яны цягнуліся часам месяцамі), яна адказвала. За 65 гадоў шлюбу — гэта тысячы лістоў. У кнігу ўвайшла, праўда, толькі частка — каля 170.

Такое выданне можна было б аднесці да кніг вузкаспецыяльных — да гісторыі адной сям’і, радаводу — калі б яна не выходзіла шырэй. Гэта не проста кніга пра чалавечыя пачуцці, гэта нават арыентыр ва ўзаемаадносінах.


Першы апублікаваны ліст адносіцца да 1938 года (гэта самы ранні, які захаваўся), калі сям’я ўжо пятнаццаць гадоў пражыла разам.

«Мая любая, любая! Мая самая дарагая, самая харошая, мая чыстая, сьветлая Ларута!» — піша Гаўрыла Іванавіч. «Родны мой, любы Гурэечка! Зоранька мая далёкая!» — у 1941 на іншы допіс адказвае Ларыса Восіпаўна.


Пафасна? Магчыма, калі б гэта пісалася напаказ. Але калі Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія ліставаліся, рабілі гэта без аглядкі, не задумваліся, што іх лісты будуць публікаваць.Таму ў іх столькі шчырасці.

«Дарагі Ты мой дружа, Здрыжнічак мой любы, кволы, колькі-ж у Табе ласкі, пяшчотнасьці. Нізка ўкланяюся перад Табою і цалую пыл з Тваіх ног. Сьвятая Ты ў мяне…»


Гаўрылу Гарэцкаму было 56, калі ён пісаў гэтыя радкі. Ці часта сёння мы гаворым такія словы сваім каханым? Апошні ліст у кнізе датаваны 1984 годам: за плячыма шэсцьдзесят гадоў разам. А пачуцці захаваліся!

«Чакаем Цябе, родная Ларутанька, лепшай, здаравей, думай пра ўсё прыгожае, сьветлае, добрае. Ласкава Цябе цалуем, лашчым, песьцім, абыймаем, тулім ад усяго дрэннага, злога. Твае родныя — за ўсіх Гурык».


Чытаць варта ўсім хаця б для таго, каб пераканацца, што светлыя пачуцці застаюцца і праз шмат гадоў сумеснага жыцця.
Набыць выданне можна ў «Акадэмкнізе» (Мінск, пр- Незалежнасці, 72).
nn.by