Літаратарка Тацяна Барысік: Хачу быць вольнай як леапард

 У Магілёве Таццяна Барысік прэзентавала сваю кнігу «Жанчына і леапард». У ёй — апавяданні, якія напісала літаратарка за апошнія пятнаццаць гадоў.



tacciana_barysik_lieapard.jpg

Паводле сведчанняў тых, хто паспеў пачытаць кнігу — яна пра беларускае шчасце ды няшчасце, альбо пра герояў, на якіх звычайна майстры слова не звяртаюць увагу — простых людзей, з іхнымі прыземленым жыццём.
Сама ж Тацяна Барысік заўважае, што ў яе апавяданнях няма адмоўных ці станоўчых герояў. Яна не дзеліць сьвет на чорны і белы. Паводле аўтаркі ў яе кніжцы няма прыдуманы людзей:
«Як сказала мая маці, калі прачытала кнігу, што шмат каго з персанажаў яна пазнае. Гэтыя персанажы жывуць у кожным раёне. Чытаючы мае апавяданні, часам захочацца смяяцца, часам — плакаць. Часам горка, што наўкола робіцца такое, што не павінна наагул рабіцца. Мне часта кажуць, што я апісваю людзей нешчаслівых, але гэта няпраўда. Я хацела сваёй кніжкай дапамагчы людзям паглядзець на жыццё звонку — не тое, якое яно ў тэлевізары, ці газетах, бо там няма людзей, няма іхных думак. Мая кніга — як праца фатографа судмедэкспертызы. Кожны можа зірнуць на нешта, але не кожны выглядзіць важныя дэталі».
У кніжцы ёсць і прыхаваная мара самой аўтаркі. Яна ў назве.
«Кніжка названая так, паводле аднаго з яе апавяданняў „Жанчына і леапард“. У ім звычайная жанчына на пытанне карэспандэнта пра сваю мару спачатку называе простую, да якой імкнецца. Але карэспандэнту яна падаецца не аптымістычнай. Тады жанчына кажа, што хацела б у наступным жыцці быць леапардам. Бо ён, паводле жанчыны, вольны. Ён не збіваецца ў зграю ці статак, бо ў статак збіваюцца ахвяры, а ў зграю — драпежнікі. Леапард жа жыве сам па сабе. Мне таксама дужа падабаецца гэтая жывёліна і я хацела б у наступным жыцці таксама быць — леапардам».
Кніжка пра бачанне Таццянай Барысік правінцыйнага жыцця на мяжы тысячагоддзяў папоўніла «Кнігарню пісьменнікаў», якой апякуецца Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Прэзентавалі кнігу ў грамадскім цэнтры «Кола». На яе прыйшлі магілёўскія літаратары і сябры Таццяны Барысік.
svaboda.org