Лямпа-мазгі і драўляны гадзіннік: беларускі дызайнер скарае свет

Працы гэтага дызайнера вызначаюцца арыгінальным аўтарскім падыходам. Ігар Салаўёў упэўнены, што аніякіх абмежаванняў у творчасці няма і што кожны створаны ім аб’ект можа прыўнесці нешта новае ў гэты свет. 



lampa_mozh.jpg

Лямпа-мазгі ад беларускага дызайнера Ігара Салаўёва
На рахунку ў беларускага дызайнера — дзесяткі працаў, з якімі ён бярэ ўдзел у выставах у Беларусі ды за яе межамі. Драўляны гадзіннік, мэбля незвычайнай формы, лямпа-мозг, што завецца «Азарэнне». Пра яе ўжо напісалі больш за 600 медыя-выданняў па ўсім свеце.
«На гэты час самая-самая яскравая праца гэта, вядома ж, лямпа “Insight”, яна тут прэзентаваная. Яна нарадзілася як нейкі жарт, які ілюструе момант прыходжання ідэі. З цягам часу, калі яна трапіла на прасторы інтэрнэту, яна стала вельмі-вельмі папулярная», — гаворыць Ігар Салаўёў.
Ігар толькі што скончыў працу над сваім новым дызайнерскім праектам – «Біёнік». Менавіта такою, на ягоны погляд, мусіць быць сучасная мэбля.
«Я заўсёды захапляўся біяморфнымі формамі ды прыроднымі адметнасцямі, таму гэтае крэсла можа нагадваць шкілет. Гэты макет дэманструе мае аб’ёмна-пластычныя ўяўленні пра форму, пра сучасны стыль і пра сучасную мэблю», — распавядае Ігар.
Пра свае праекты дызайнер можа распавядаць гадзінамі. У яго вельмі багатае партфоліа, а ў распрацоўцы перабываюць больш за дзесятак аб’ектаў.

belsat.eu