Лявон Вольскі намалюе партрэты фундатараў яго новага альбому
Лявон Вольскі абвясціў краўдфандынг на новы студыйны альбом «Гравітацыя», які мае стаць заключнай часткай трылогіі, распачатай дыскамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016).
Абвестка зроблена роўна праз два гады з выхаду папярэдняга альбома «Псіхасаматыка», які таксама быў запісаны на грошы, сабраныя праз краўдфандынг. Але гэтым разам выбар лотаў больш разнастайны: ад дыскаў і атрыбутыкі да жывапісу і жывога канцэрта Лявона Вольскага.
Дыяпазон кошту лотаў – ад 5 да 5000 рублёў. Адзін з найбольш цікавых – магчымасць атрымаць свой мастацкі партрэт у выкананні Лявона Вольскага – будзе каштаваць 1000 рублёў. Ёсць і больш танныя варыянты дадаць у сваю хатнюю калекцыю жывапіс ці графіку музыкі. Азнаёміцца з лотамі і паўдзельнічаць у краўдфандынгу можна на сайце, прысвечаным новаму альбому.
Як і папярэднія два дыскі, новы праект запісаны ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам і зараз знаходзіцца на завяршаючай стадыі.
Паводле прэс-рэлізу