Лявон Вольскі выступіць у легендарным клубе Прагі

У культавым пражскім рок-клубе «007» на Страгаве ў Празе 6 студзеня адбудзецца калядны канцэрт гурта «VOLSKI».

18748a4a57ab0ddadbd31e8328e8f656.jpg


Выступленне пройдзе ў акустычным складзе, у імпрэзе возьмуць удзел музыкі Аляксандр Ясінскі і Алесь Плотка. Пачатак — а 20 гадзіне, напісаў у Фэйсбуку арганізатар канцэрту арт-менеджар Дзяніс Ламейка.

Па яго словах, сам Лявон Вольскі запытаўся ў патэнцыйных наведвальнікаў, што б яны хаелі пачуць на канцэрце, таму сэт-ліст будзе фактычна складзены самімі слухачамі.

Klub 007 Strahov — адзін з найстарэйшых рок-клубаў Чэхіі. Ён быў заснаваны ў 1969 годзе ў склепе студэнцкага блока №7 навучэнцамі, якія шукалі месца для прасоўвання альтэрнатыўнай музыкі. Ён пазнаёміў чэшскую моладзь з альтэрнатывай класікі і джаза: хіп-хопам, рэгі, ска. Акрамя таго, у тыя далёкія часы клуб быў не толькі месцам прасоўвання музыкі, але і месцам правядзення незвычайных тэатральных пастановак.

«Гэта быў адзін з самых свабодных клубаў у Празе, галоўным чынам з — за людзей, якія збіраліся там і хацелі больш прагрэсіўнай музыкі», — адзначае музычны публіцыст Іржы Чорны.