Лешак Шарэпка: Мова можа абараняць межы больш эфектыўна, чым танкі

Хутка стануць вядомыя пераможца і астатнія лаўрэаты адной з самых прэстыжных літаратурных прэмій.



bielaruskija_knizhki.jpg

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная амбасадай Польшчы ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы «Ідэя-банку». У гэтым годзе прэмія будзе ўручацца ў чацвёрты раз. Згодна з літаратарамі і выдаўцамі, дзякуючы гэтай прэміі колькасць кніг на беларускай мове цягам апошніх гадоў істотна вырасла. Напярэдадні ганаровай цырымоніі ўручэння прэміі яе спонсары і чальцы журы яшчэ раз запэўнілі журналістаў і грамадскасць, што пераможца вызначаецца аб'ектыўна. Інтрыга захоўваецца да гэтага часу.
Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка адзначыў, што ён вельмі рады, што прэмія імя Ежы Гедройца становіцца надзвычай прэстыжнай і ўплывовай у Беларусі. З ягоных слоў, ідэі публіцыста, якія тычацца стасункаў паміж Польшчай і найбліжэйшымі суседзямі на ўсходзе, заўсёды абумоўлівалі кірункі замежнай палітыкі Варшавы. І найбольш важны з іх — тэзіс аб падтрымцы нацыянальнага адраджэння і суверэнітэту, а таксама нацыянальнай мовы:
«Безумоўна, мову можна залічыць да сур'ёзных інструментаў, што фармуюць самасвядомасць народа, пачуццё гонару за прыналежнасць да грамадства, якое карыстаецца гэтай мовай. Часта мова можа абараняць межы больш эфектыўна, чым танкі. Беларуская літаратура заслугоўвае таго, каб ёй цікавіліся і напоўніцу карысталіся яе багаццямі і разнастайнасцю. І з вялікім задавальненнем мы адзначаем уплыў літаратурнай прэміі імя Гедройца на рост колькасці выданняў на беларускай мове».
Пасол Шарэпка выказаў упэўненасць, што прэмію атрымае сапраўды аўтар найлепшага твору.
svaboda.org