Лошыцкая сядзіба запрашае на «Майскія музычныя вечары»

«Майскія музычныя вечары» пройдуць у філіяле Музея гісторыі Мінска «Лошыцкая сядзіба» 13, 20 і 27 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Лошыцкая сядзіба

Лошыцкая сядзіба


Гасцей чакаюць канцэртныя праграмы «Вясенняя серэнада», «Музыка ў беларускіх сядзібах», «І жыццё, і слёзы, і любоў…» Наведвальнікі змогуць пачуць вакальныя і інструментальныя кампазіцыі розных жанраў і стыляў у выкананні таленавітых маладых музыкантаў. Канцэрты адбудуцца ў 19.00. Для дзяцей да сямі гадоў уваход бясплатны.
Ініцыятары майскіх музычных вечароў — удзельнікі міжнароднага праекта Young Voices, якія традыцыйна выступаюць у гістарычных месцах - музеях, палацах і замках. У бальнай зале Лошыцкай сядзібы прагучыць музыка беларускіх, рускіх і еўрапейскіх кампазітараў мінулых эпох.
Мэта арганізатараў мерапрыемства — адраджэнне багатых традыцый музычных салонаў XVIII — пачатку XX стагоддзяў, папулярызацыя класічнай музыкі і музычнай спадчыны Беларусі.
Паводле «Нашай Нівы»