Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постэрах. Душа горада — гэта мясціны з адмысловай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай.
Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ўскрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы ствараюць адметнасць горада і робяць жыхароў Мінска — мінчанамі, Гомеля — гамельчукамі, Барысава — барысаўцамі…
І каб раскрыць гэтыя таямніцы, кампанія «Будзьма беларусамі!» распачынае праект “Магічная Мапа”.
Па словах аўтара ідэі праекта, вядомага мастака Міхала Анемпадыстава: «Магічныя мясціны звычайна не маюць ніякіх ахоўных статусаў і няўхільна знікаюць з мапы горада і з нашага жыцця. У выніку, мы бяднеем — кожны паасобку і ўсе разам. Бяднее нашая культура і гісторыя. Горад і мы самі пакрысе губляем свой твар, сваю адметнасць, памяць».
Сутнасць праекта: з існуючых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў старыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінна стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Пачынаецца праект з Мінска. У адмысловых інтэрв'ю асобы, вядомыя ў сваіх сферах, падзеляцца сваімі “магічнымі” мясцінамі. Ілюструе магічную мапу — музыка і мастак Андрусь Такінданг. Неабыякавымі да ідэі праекта засталіся і дызайнеры: Анатоль Лазар (студыя “Адліга”) прыдумаў адмысловае лога, якое, спадзяемся, стане ў хуткасці заўважным і ў горадзе.
Мы чакаем вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю “гісторыю” і патэнцыйна будуць цікавыя для іншых жыхароў горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое, альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Згадвайце магічныя мясціны і дасылайце іх нам! Першы матэрыял праекту — 23 кастрычніка на budzma.org.