Магілёў: Згадаць беларускае слова і атрымаць цукерку

У Магілёве віншуюць з Днём ведаў цукеркамі і просьбамі перакласці беларускія словы на расійскую мову. Двухдзённую акцыю «Салодкі дзень ведаў » распачала 31 жніўня камерцыйная арганізацыя «Cukerki.by». Бізнэсоўцам дапамагаюць валанцёры з Таварыства беларускай мовы.



salodki_dzien_viedau.jpg

Паводле кіраўніка камерцыйнай арганізацыі Сяргея Дымкова, акрамя прасоўвання брэнду ягонай арганізацыі мэта акцыі палягае і ў далучэнні як мага большай колькасці магілёўцаў да беларускай мовы. «У іх ёсць магчымасць згадаць нацыянальную мову беларусаў перакладаючы беларускія словы на расійскую мову», — зазначае Сяргей Дымкоў.
«Мы просім мінакоў, каб яны пераклалі на расійскую мову тры беларускія словы. Гэта простыя словы, але ў людзей з перакладам паўстаюць пытанні, — даводзіць бізнэсовец. — Для большасці некаторыя словы гучаць дужа знаёма, але людзі не могуць згадаць, што гэта такое. Вось напрыклад „кубачак“ — ведаюць, што гэта нейкая ёмістасць, але не ведаюць якая».
З найбольш складаных для перакладу на расійскую мову сталі для магілёўцаў беларускія словы «Імбрык» ды «Сподачак».
Магілёўцы на супольную акцыю бізнэсоўцаў і актывістаў з ТМБ рэагавалі пазітыўна. Некаторыя прызнаваліся, што беларускія словы ім даводзіцца ўжываць не часта. Некаторыя, у асноўным моладзь, казалі, што да беларускай мовы звяртаюцца ў побыце наадварот часта.
Адна з маладзіц зазначыла, што лета праводзіла ў Расіі і там дужа цікавіліся, ці ёсць у беларусаў свая мова: «Даводзілася, прызналася дзяўчына, згадваць асобныя словы і нават з іх складаць сказы».
Яе сяброўка наагул заявіла, што ў бацькоў гаворыць збольшага па-беларуску, бо яны з вёскі. «У горадзе ж я гавару як усе — па-расійску», — зазначыла дзяўчына.
Жанчына сталага веку, адказваючы на пытанне, як часта яна ўжывае беларускія словы ў сваёй гаворцы, прызналася, што не часта, і тут падакарала журналістаў, што некаторыя з іх, гаворачы па-беларуску, ужываюць зашмат русізмаў: «Я нават збіралася пісаць скаргу на радыё, бо такі варыянт мовы толькі адштурхоўвае людзей ад яе», — заявіла кабета.
1 верасня акцыя «Салодкі дзень ведаў» завершыцца. Яе вынікі будуць апублікаваныя на сайце магілёўскай суполкі ТБМ.
Сёлета 21 лютага камерцыйная арганізацыя «Cukerki.by» праводзіла падобную акцыю. Тады яе прымеркавалі да Дня роднай мовы. Яна так і называлася «Салодкі Дзень роднай мовы».
svaboda.org