Магутна і па-ірландску: кіеўскі келцік-панк гурт O'Hamsters скарыў Мінск (фота)
У клубе «Бруге» 25 лютага прайшла прэзентацыя новага альбома кіеўскага келцік-панк гурта O'Hamsters. Разам з імі выступілі: Кашлаты Box, S'N'D і «Всё_Crazy».
Яшчэ на падыходзе да клуба можна было заўважыць людзей, якія быццам толькі выйшлі з ірландскага паба: кепкі, кілты, бакенбарды.
Тых, хто спазніўся на канцэрт, чакала неспадзяванка: замест рытмаў ірландскай музыкі нечакана было пачуць скрым. Вакаліст цвердзіў: «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу». Выявілася, што гэта апошняя песня гурта «Кашлаты Box». А ўвогуле яны граюць цалкам добры фолк-панк.
Гурты змяняліся на сцэне адзін за адным.
— Эм, ну так, дабрыдзень, мы прыехалі з Гародні. Цяпер вам тут трохі злабаем, — лаканічна падвёў вакаліст гурта S’n’D.
Калі да гэтага танцплац пуставаў, то зараз на яго выбеглі аж 4 чалавекі. Астатнія па кутах трэслі галовамі пад грукат скейт-панка.
На сярэдзіне выступа гурта перад лірычнай песняй пра каханне на танцпляцоўцы можна было назіраць штосьці падобнае на слэм, а дакладней штурханіну плячыма двух хлопцаў. На кароткі прамежак часу яна перарасла ў скачкі ў абдымках.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што нават малая колькасць людзей на танцпляцоўцы не замінала камандзе выдатна граць свой матэрыял. А па тварах удзельнікаў было бачна, што ім самім падабаецца тое, што яны робяць.
З пачаткам выступу мінскага келцік-панк гурта «Всё_Crazy» ўсе ўзгадалі, дзеля чаго мы тут сёння сабраліся.
— Мы сёння сабраліся, каб павіншаваць нашых таварышаў [гурт O’Hamsters] з выпускам новага альбома. Ён атрымаўся, ну, вельмі круты! — прахрыпеў вакаліст «Всё_Crazy».
Людзей на танцпляцоўцы паболела.
— Будзем працягваць гарэць! Як кажа адзін таварыш: «Дзе паліто, дзе што?»
На песні пра згублены чаравік хтосьці з публікі зняў уласны чаравік і пачаў танчыць на адной назе з ім у руцэ.
Далей сцэну захапілі гледачы, якія ўсе разам спявалі «На дзень святога Патрыка, які раз у годзе!» з апошняга альбому гурта «По морям».
На гэтам пазітыўным моманце вакаліст гурта «Всё_Crazy» завяршыў свой сет, запрасіўшы на сцэну галоўных герояў імпрэзы.
Пакуль музыкі O'Hamsters рыхтаваліся да выступу, разгарачаная публіка ў розных кутках «Бруге» працягвала скандаваць радкі з песен папярэдняга гурта.
— Дарэчы, усім прывітанне, — павітаўся вакаліст гурта O'Hamsters. — Мы да вас 12 гадзін ехалі з Кіева!
Кіеўскі келцік панк гурт O'Hamsters існуе з 2009 года. «Где бы мы ни бывали» — гэта сёмы рэліз групы. Мінск стаў першым горадам, які пачуў новы альбом O'Hamster у межах вялікага прома-тура.
Мінская публіка добра адарвалася пад «хамякоў». Завяршыўся выступ вялікім натоўпам на сцэне, у якім усе дружна спявалі песні. І нават тое, што канцэрт быў далёка не sold out, дапамагло стварыць адчуванне, што тут усе свае.