Макс Фрай прэзентуе ў Мінску «Казкі старой Вільні»

У пятніцу 1 лістапада, кніжны сайт Bookster.By запрашае ўсіх ахвотных у галерэю «Ў» на сустрэчу з загадкавым пісьменнікам Максам Фраем.



afisha_bookster.jpg

Пісьменнік Макс Фрай і мастачка і фатограф Святлана Мартынчык — у нейкім сэнсе адзін чалавек, але не зусім. Хоць хто з іх каго прыдумаў — пытанне складанае. Так ці інакш, гэты аўтар і персанаж ўжо амаль 10 гадоў жыве ў нашай любімай Вільні і стварыў ўжо тры тамы цудоўных казак пра гэтае загадкавае месца — поўных чараўніцтва, суму, таямніцы, містычных супадзенняў і магчымых адказаў на пытанні пра тое, што ж такога ў гэтым горадзе, што прыехаўшы ў яго ўпершыню, адразу хочацца застацца там назаўжды.

Адэсітка Святлана Мартынчык зрабіла менавіта гэта — у нейкі момант засталася ў любімым горадзе і стала яго добрым анёлам: яна піша пра яго выдатныя, захапляльныя і шчымлівыя гісторыі, а яшчэ фатаграфуе Вільню менавіта такой, якой яна яе бачыць — з усімі дзіўнымі істотамі, прывідамі і парталамі ў іншую рэальнасць. «Букстэр» з пяшчотай і ўвагай перакладае для беларускіх чытачоў гэтыя казкі і рады прадставіць мінчанам іх аўтара!


На сустрэчы з мінскімі чытачамі Макс Фрай, як мы спадзяемся, прадставіць трэці, самы свежы том «Казак старой Вільні», адкажа на вашыя пытанні, распавядзе пра сваю Вільню — а мы паспрабуем распавесці яму пра сваю.
Старонка падзеі ў Фэйсбуку — https://www.facebook.com/events/168205536712377/168221910044073
Пачатак а 18:30, уваход вольны