«Маменька»: у ЗША знялі кліп пра тое, як беларусаў забіралі ў расійскае войска
Беларускія музыкі з ЗША знялі кліп на беларускую народную песню «Маменька», якая распавядае пра тое, як беларускіх хлапцоў забіралі ў рэкруты ў расійскае войска.
Выканаў спеў сямейны фальклорны гурт «Kozak Family Trio». Здымкі праходзілі ў ЗША і Беларусі.
«Мы так рады выпусціць наш музычны кліп на песню «Маменька» пра адвядзенне ў армію, далёка ад блізкіх людзей… Мы здымалі відэа на двух кантынентах і спадзяемся, што вам спадабаецца такое бачанне песні», – адзначаюць музыкі.
У склад гурту «Kozak Family Trio» уваходзяць заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пархоменка, яе муж Алесь Казак і іхная дачка Вольга Казак. Усе яны ў 1990 годзе пераехалі ў ЗША. Музыкі жывуць у штаце Нью-Джэрзі і зараз працуюць над беларускамоўным альбомам, які мае выйсці ў 2019 годзе.
Здымала відэа кампанія «UT Cinema Film Production» з Нью-Ёрку.
Рэкруцкая павіннасць у Беларусі з’явілася пасля далучэння краіны да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай.
Паводле belsat.eu