Масква палюбіла «Песняра»
У Маскве адбыўся паказ спектакля "Пясняр" Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра імя Максіма Горкага.

Сцэна са спектакля. Фота Юрыя Пулі
Мерапрыемства
прайшло 15 чэрвеня ў рамках "Беларускіх сезонаў у Маскве",
прымеркаваных да Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Вялікая зала Дзелавога і культурнага комплексу Амбасады Беларусі ледзьве змясціла ўсіх ахвочых.

Фота Юрыя Пулі
На адкрыцці кіраўнік ДКК Амбасады Сяргей Шарамецьеў адзначыў, што ў гэтым годзе Мулявіну споўнілася б 75 год і што вельмі прыемна бачыць, як творчасць гэтага вялікага музыкі аднолькава цікавая як беларусам, так і расіянам.
У перапоўненай зале большую частку займалі вядомыя расійскія музыкі, паэты і перакладчыкі. Нягледзячы на тое, што "Пясняр" амаль на 50% іграецца па-беларуску і не было перакладу, публіка ўсё разумела і выдатна рэагавала.

Публіка вітала "Песняра" стоячы. Фота з афіцыйнага сайта Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі
Пасля спектакля многія госці падзяліліся сваімі эмоцыямі.
Тэатральны рэжысёр і актрыса Таццяна Нікіфарава адзначыла: "Выдатная п'еса! Драматургу Васілю Дранько-Майсюку ўдалося (нягледзячы на тое, што ў п'есе ўздымаюцца сур'ёзныя праблемы) надаць свайму твору шмат іроніі і гумару".
Супрацоўніца Гістарычнага факультэта МДУ Аляксандра Казаплянская сказала: "Зусiм нечаканы погляд на класiкаў, вельмi цiкава! I музыка "Песняроў" гэтак тонка ўплецена. Са мной прыйшоў хлопец, яшчэ школьнік, дык ён першае, што сказаў — класная музыка. Так што, можа, дзякуючы гэтаму, з'явіўся новы прыхiльнiк Мулявіна".
Выказаў сваё захапленне "Песняром" начальнік Упраўлення перыядычнага друку, кнігавыдаведства і паліграфіі Расдруку спадар Юрый Пуля: "Песняр" па п'есе маладога таленавітага драматурга Васіля Дранько-Майсюка захапляе. Гэта быў незабыўны вечар, пасля якога застаюцца самыя цудоўныя эмоцыі! Асабліва запомніліся і ўразілі артысты Андрей Захарэвіч (Якуб Колас) і Ганна Маланкіна (нянечка Марыся)".

Сяргей Жбанкоў — выканаўца ролі Песняра. Фота з афіцыйнага сайта Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі
Прыемна, што такі няпросты для ўспрыняцця, глыбока нацыянальны спектакль, расійская публіка ўспрыняла на адным дыханні. Відаць, балючая для беларусаў тэма — знікненне паэтаў спараджае знікненне і самой нацыі — блізкая і нашым усходнім суседзям.

Рэжысёр спектакля Валяніцна Еранькова. Фота з афіцыйнага сайта Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі
Спектакль "Пясняр" працягвае свой гастрольны тур па Беларусі. 16 ліпеня яго пакажуць на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". А 3 верасня, падчас святкавання Дня беларускай пісьменнасці, гэту пастаноўку змогуць убачыць жыхары і госці Рагачова.