Мастакі прапануюць стварыць у Вушачах музэй Рыгора Барадуліна
— Хіба гэта зноў дзядзька Рыгор да нас прыехаў? — пытаецца вушацкі мінак, зазіраючы за плот барадулінскай хаты.
І, трохі зніякавеўшы пад здзіўленымі позіркамі незнаёмых людзей на падворку, працягвае:
— Але ж хіба ён жывы?
Хата Рыгора Барадуліна ў Вушачах гэтымі днямі сапраўды ажыла. Тут з ласкавага дазволу ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны пасяліліся мастакі. 30 ліпеня на малой радзіме славутага паэта распачаўся мастацкі пленэр. Яго ладзіць Ада Райчонак, кіраўніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча — грамадскай арганізацыі, якую яна заснавала з паплечнікамі ў 1995 годзе. Жывучы ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёну, Ада Эльеўна арганізавала на Віцебшчыне пад два дзясяткі мастацкіх пленэраў — у мясцінах, звязаных з імёнамі найбольш вядомых землякоў: Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна.
Мастацкі пленэр, прысвечаны Рыгору Барадуліну, праходзіць ужо другі раз. Першы адбыўся яшчэ пры жыцці дзядзькі Рыгора, у 2009 годзе. Мастакі тады жылі ў Бычках, роднай вёсцы Васіля Быкава, і прыязджалі ў вяшчаў, каб сустрэцца з Барадуліным. А гэтым разам мастакі сабраліся ўжо ў памяць беларускага класіка. Хоць для кагосьці са старэйшага пакалення ён быў проста сябрам ці добрым знаёмцам. І на самым пачатку пленэра першае, што супольна зрабілі мастакі, — гэта наведалі магілу Рыгора Барадуліна на тутэйшых могілках, дзе, згодна са сваім запаветам, ён быў пахаваны побач з мамай, Акулінай Андрэеўнай.
На вушацкіх могілках
«У нас кожны дзень прысвечаны дзядзьку Рыгору. Мастакі ўдзень малююць, а ўвечары мы збіраемся разам, праз кампутар глядзім фільмы або перадачы пра Рыгора Барадуліна. Быў у нас і вечар беларускай песні — дзядзька Рыгор любіў жа і спяваць, і іншых паслухаць», — апавядае Ада Райчонак.
А самі мастакі гавораць пра натхненне, якое дораць ім гэтыя мясціны. Мастак Алесь Марачкін, прыкладам, стварае незвычайную серыю карцін:
«Гэтыя фантастычныя кветкі — прысвячэнне Барадуліну. Насамрэч яны не існуюць у прыродзе, але ў мяне — ужо існуюць. Вось гэтая кветка — сутыкненне вады і агню. Учора глядзелі пра яго фільм, дзе Барадулін кажа, што „агонь трэба прыручыць“. Яшчэ не закончаная праца. І вось тут відаць стыхія агню.Вось гэтую працу я яшчэ аніяк не назваў, але яна амаль гатовая. А ўсяго карцін будзе каля 12».
Фантастычныя кветкі Алеся Марачкіна
Алеся Марачкіна давялося заспець у «майстэрні» — вядома ж, імправізаванай. Пад майстэрню, а заадно і «сховішча», прыстасавалі хляўчук на барадулінскім падворку.
Мастак Васіль Пяшкун, прадстаўнік маладзейшага пакалення, але ўжо вядомы майстар краявідаў, дзеліцца сваімі творчымі планамі:
«Мяне запрасілі на гэты пленэр, у мясціны, дзе жыў Барадулін, і гэта вельмі важна для мастака — пабываць „у намоленых мясцінах“, як пра іх кажуць. Вельмі важна адчуць стан душы іншага чалавека, тым болей — такога выдатнага паэта. І я спрабую ў сваіх карцінах перадаць лірычнасць гэтага краю. Наколькі гэта атрымліваецца — будзе бачна па маіх працах, але я дужа стараюся. А яшчэ тут у нас „культурная праграма“ — мы глядзім фільмы пра Барадуліна і шмат размаўляем пра яго. Праца, добры адпачынак, барадулінскія вершы — усё гэта адлюстроўваецца ў нашых творах. Яны яркія, вясёлыя».
Васіль Пяшкун
Васіль Пяшкун прыехаў у барадулінскія мясціны разам з дачкой-школьніцай. Маша — амаль заўсёдная наведніца летніх пленэраў, а з нядаўняга часу яшчэ і удзельніца — працуе побач з дарослымі мастакамі. Ёсць магчымасць атрымаць добрую параду. І, вядома, цікава пабываць у мясцінах, пра якія чытала ў школьных падручніках па беларускай літаратуры.
Маша Пяшкун
Апрача мастакоў, на пленэр прыехалі маладыя скульптары, якія толькі-толькі скончылі першы курс Акадэміі мастацтваў, — Элеанора Данусевіч і Яўген Маглыш. Далучыўся і вядомы фатамайстар Георгі Ліхтаровіч. Ён кажа, што не толькі фатаграфуе, але и даследуе гэтыя мясціны:
Працуюць скульптары-разьбяры
«Я тут натхняюся — езджу па наваколлі. Пабываў у вёсцы Ксты — гэтаксама называецца кніга Рыгора Барадуліна. Праехаўся па мясцінах, якія звязаныя з жыццём ці ўспамінамі дзядзькі Рыгора. На жаль, вёскі гэтыя ўжо пазнікалі, нават дарогі да іх пазарасталі».
Каб памяць пра Рыгора Барадуліна не знікала і не зарастала быллём, мастакі не проста выкарыстоўваюць падворак ягонай хаты як пляцоўку пад намёты або месца для творчасці ў зацені яблыневага саду. Яны пакасілі траву, падрамантавалі хляўчук, вывесілі сушыцца дываны з хаты, у якую дзядзька Рыгор ужо і не прыязджаў апошнімі гадамі, бо не дазваляла здароўе. Частка мастакоў пасялілася ў хаце — хто ў вялікім агульным пакоі, хто ў малым пакойчыку на паддашку. Самыя адданыя аматары прыроднага адпачынку расставілі намёты ў садзе. Абед і вячэра — супольныя.
Мастакі на гэты пленэр сабраліся з Менску, Віцебску, Полацку, Верхнядзвінску, Лепеля. Галоўная мэта — навучыцца аднаму ад аднаго і пакінуць творчы ўспамін пра мясціны, дарагія Рыгору Барадуліну.
Малюе Аляксандар Саўчанка, мастак зь Лепеля.
Пленэр можна лічыць нават міжнародным — разам з беларусамі працуе выпускнік Акадэміі мастацтваў кітаец Шао Сян. Ён прыехаў у Беларусь колькі год таму, але ўжо амаль без памылак размаўляе па-расейску, выдатна разумее беларускую мову і таксама спрабуе размаўляць. «Гэта ў змяі — язык, а ў чалавека — мова», — Сян амаль даслоўна цытуе словы Ўладзімера Караткевіча. І дзівіцца моўнай сітуацыі ў Беларусі:
«Каб у Кітаі чалавек не размаўляў або не ведаў кітайскай мовы — гэта неверагодна! А тут так ёсць. Сорамна не ведаць сваю мову! Можна яе хваліць ці не хваліць, але ведаць трэба! Маё прозвішча і імя перакладаецца з кітайскай „малады лётчык“. Можа, некалі я буду лятаць, але пакуль я вырашыў пабыць мастаком. Малюю гэтую прыроду, спрабую падабраць такую тэхніку, каб перадаць беларускае хараство».
Шао Сян малюе партрэт Ады Райчонак і марыць уголас — пра тое, што скончыць тут магістратуру, потым аспірантуру, што запросіць у Кітай пагасцяваць Аду Эльеўну. А яна дадае, што Сян абяцаў, вярнуўшыся ў Кітай, прывозіць на экскурсіі ў Беларусь сваіх будучых вучняў.
Малюе Шао Сян
Пакуль што ён выхоўвае вучняў — беларусаў з мясцовай вушацкай школы. Спачатку яны дзівіліся на мастакоў здалёк, потым пачалі падыходзіць і раіць, што можна намаляваць — маўляў, у нас во тут прыгожыя масткі, а тут во касцёл. Мастакі жартуюць, але часам прыслухоўваюцца да парадаў.
Ствараецца вушацкі краявід
Урэшце ў «летнік» мастакоў прыйшоў на экскурсію школьны летнік. Тут і заняліся выхаваннем: спачатку дзеці размаўлялі выключна па-расейску і дзівіліся кожнаму беларускаму слову, сказанаму дарослымі, прычым не настаўнікамі роднай мовы, а тымі, хто ёю карыстаецца ў звычайным побыце. Нарэшце пытанні да мастакоў загучалі і па-беларуску.
«Сорамна ня ведаць роднай мовы!»
Майстар-клас ад Алеся Марачкіна
«Дарэчы, Рыгора ў вушацкую школу не дужа запрашалі, асабліва як афіцыйна пачалі называць яго „бээнэфаўцам“. Вось у клубе дык ён выступаў часта. З суседзямі заўжды сябраваў, яго тут добра памятаюць», — згадвае Валянціна Міхайлаўна Барадуліна.
Гаспадыня хаты — заўжды побач з мастакамі, з кніжкай, у фатэлі, назірае, як ствараюцца карціны. Вушацкую школу адсюль за буйной зелянінай садоў не відаць, хоць яна літаральна за некалькі хат, на ўзгорку. І вуліца, на якой стаіць хата Барадуліных, называецца Школьнай.
Вушачы Вуліца і школа, якім так і не надалі імя Барадуліна
Хата Рыгора Барадуліна са штандарам пленэру
Роўна год таму, у ліпені, на сайце Віцебскага аблвыканкаму з'явілася паведамленне, што вуліцу пераймянуюць, а школу назавуць у гонар Рыгора Барадуліна. Маўляў, працы па перайменаванні вуліцы ўжо вядуцца, і калектыў школы на настаўніцкім сходзе ўхваліў гэтую ідэю. Дырэктар школы Віталь Клімашэўскі год таму нават не сумняваўся: маўляў, Барадуліна тут усе ведалі, «будзе ў нас новая шыльда, дзе напішам, што наша ўстанова адукацыі — імя Рыгора Барадуліна».Перайменаванне вуліцы ўхвалялі і суседзі Барадуліных, і іншыя жыхары Вушачаў.
Актывісты грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» ўжо нават паспелі падзякаваць уладам за падтрымку іхнай прапановы, выказанай разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Аднак ні школе, ні вуліцы імя Рыгора Барадуліна дагэтуль не надалі. І нават само абяцанне з сайта аблвыканкаму знікла. Журналісты пыталіся: што ж такое здарылася? І атрымалі з Вушацкага райвыканкаму афіцыйны адказ зусім іншага зместу — што пытанне пра перайменаванне вуліцы ўсё яшчэ «разглядаецца». А настаўнікі, паводле звестак чыноўнікаў, не пагадзіліся, каб школа насіла імя Барадуліна, бо «гэтую ўстанову скончыла шмат вядомых і таленавітых людзей».
Вушацкі райвыканкам, гаворыцца ў лісце, прыкладае значныя намаганні дзеля ўшанавання памяці Рыгора Барадуліна — ладзяцца літаратурныя імпрэзы, паэту прысвечана частка экспазіцыі ў музэі народнай славы імя Ўладзімера Лабанка.
Уладзімер Лабанок, чыё імя носіць вушацкі музэй — Герой Савецкага Саюзу, які арганізаваў камуністычнае падполле і быў партызанскім камандзірам. Ён родам з Пухавіцкага раёну, ваяваў на Віцебшчыне, і менавіта пад ягоным кіраўніцтвам партызанскія злучэнні вызвалілі Вушачы ад фашыстаў увосень 1942 году.
Безумоўна, Уладзімер Лабанок — выбітная асоба свайго часу. Але ж Вушаччына слаўная найперш сваімі літаратурнымі талентамі, разважаюць мастакі. Яны лічаць, што несправядліва, калі мемарыяльны музей Васіля Быкава — гэта філіял музея Уладзімера Лабанка. Варта задумацца і пра тое, кажуць мастакі, каб стварыць у Вушачах музей Рыгора Барадуліна. Выказаную на пленэры ідэю Валянціна Барадуліна вітае:
Валянціна Барадуліна
«Мне дужа шкада гэтай хаты, якую так любіў Рыгор. Але я прадала б яе дзяржаве, хай за дужа невялікія грошы, каб тут зрабіць музей Барадуліна. Хата прыходзіць у заняпад без добрага гаспадара, а я ўжо не ў тым узросце, каб забяспечыць тут парадак. І жыву далёка — у Менску. Няхай бы на радзіме засталася памяць пра Рыгора — музей у ягонай роднай хаце. Я пакіну для музея ягоныя рэчы, толькі б сюды прыязджалі людзі — як ездзяць да Васіля Быкава, з якім Рыгор добра сябраваў»...
Валянціна Міхайлаўна распавяла, што днямі сустрэла ў цэнтры Вушач старшыню райвыканкаму Віктара Родзіча. Той павітаўся, дай сваю візітоўку і запрасіў заходзіць, калі будуць нейкія пытанні.
Запрашэннем вырашылі скарыстацца — параіцца, як увасобіць у жыццё прапанову наконт мемарыяльнага музею ў хаце Рыгора Барадуліна. Патрэба ў гэтым відавочная, лічыць удзельніца пленэру, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў Святлана Баранкоўская:
«Стварэнне такога музею актуальнае, пакуль жывыя тыя, хто яго памятае, ягоныя родзічы, пакуль можна скарыстацца іхнымі ўспамінамі. Варта з гэтым пайсці да ўладаў, бо і ўлады не супраць таго, каб ушаноўваць памяць Рыгора Барадуліна. З перайменаваннем вуліцы і школы, я мяркую, не атрымалася дагэтуль таму, што не было нейкага актывіста, „рухавіка“, які б увесь час уздымаў, актуалізаваў гэтае пытанне. Трэба дамаўляцца, як зрабіць музей у гэтай хаце — хто будзе ім кіраваць, хто будзе тут працаваць, як зладзіць перадачу экспанатаў. Вялікі дзякуй вушацкім уладам, калі яны разумеюць спецыфіку рэгіёну: тут яшчэ з савецкіх часоў не было буйной прамысловасці, Вушаччыну выкарыстоўвалі як курортную зону, і гэтую традыцыю можна працягваць. Завабліваць сюды турыстаў і паказваць ім тое, чым мы ганарымся. Ёсць музей Быкава, Броўкі, мемарыяльны комплекс „Прарыў“, вушацкі музей народнай славы. Але гэта не так шмат кропак, каб прывабіць вялікую плынь турыстаў. Трэба вялікая раскрутка, і скарыстаць для яе варта імёны сусветнага гучання — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін. Менавіта літаратура вушацкага краю прагучала на ўвесь свет, і гэта магло б прывабіць турыстаў. Так што новы музей — гэта ўжо неабходнасць, нават эканамічная неабходнасць для развіцця рэгіёну!»
Святлана Баранкоўская са сваімі карцінамі
Адно каб не выйшла з барадулінскім музеем так, як з музеем на лецішчы Васіля Быкава, непакоіцца спадарыня Святлана. Музей адкрылі ў Ждановічах да 90-годдзя народнага пісьменніка. Не прайшло і году, як яго зачынілі на капітальны рамонт з дужа цьмянымі перспектывамі.
Хата Рыгора Барадуліна таксама вымагае рамонту, перш чым можна будзе выкарыстоўваць яе пад музей. Але ёсць шмат ідэяў, як наладзіць экспазіцыйную дзейнасць нават у цяперашніх умовах, працягвае Святлана Баранкоўская:
«Вядома, тут незвычайныя мясціны — кожнае дрэва „асвенчана“ Рыгорам Барадуліным і ягонай маці... Вяз, які ў маленстве ён пасадзіў разам з бацькам і які „крануў галінкамі за плечы“, калі бацька паэта не вярнуўся з вайны. На ім шпакоўня, зробленая дзядзькам Рыгорам, але дрэва вырасла так высока, што яе ўжо нават не дастанеш, каб адрамантаваць... Або бярозка, пра якую дзядзька Рыгор казаў, што яна лечыць яму галаўны боль, і якую ён штораз абдымаў пры сустрэчы, прыязджаючы сюды... Але пакуль тут не вырашыцца пытанне са стацыянарным музеем, можна зрабіць яго перасоўным. Каб разам з экспазіцыяй твораў нашых мастакоў па выставачных залах вандравалі аўтэнтычныя рэчы, якія належалі Барадуліну і засталіся ў гэтай хаце».
Прадметы інтэр’еру маглі б стаць экспанатамі
Калі востра паўстане грашовае пытанне, можна абвясціць збор ахвяраванняў — і на тое, каб выкупіць хату, і на рамонт, і на экспазіцыю. Але раённыя ўлады абавязкова павінны падключыцца да гэтай справы і спрыяць ушанаванню памяць славутага земляка.
Са свайго боку, мастакі абвяшчаюць пра свой першы ўнёсак у будучую экспазіцыю. Калі пленэр скончыцца і пройдзе першая, імправізаваная выстава для жыхароў Вушачаў — гэта старая пленэрная завядзёнка — некалькі лепшых карцін аўтары пакінуць для музея Рыгора Барадуліна.
Творы ўжо чакаюць першай выставы
Цягам году пленэрныя працы мастакоў будуць удасканальвацца, а потым вандраваць — выставы пройдуць на Віцебшчыне і ў Менску. А на памяць пра сёлетні пленэр на падворку хаты Рыгора Барадуліна застанецца невялічкая дубовая алея. Першы малады дубок вырас сам — якраз на тым месцы, дзе паэт ставіў свой фатэль і глядзеў на вуліцу, на жыццё родных Вушачаў. Тут ён сустракаў гасцей, адсюль вітаўся са знаёмымі-мінакамі... Астатнія дубочкі пасадзілі мастакі, дбайна паабгароджваўшы і не забываючы паліваць, каб прыжыліся.
Дубочкі зелянеюць — падобна, ім добра на гэтым падворку. «Яны спадабаліся дзядзьку Рыгору», — цалкам сур’ёзна кажуць мастакі. Кажуць з упэўненасцю, што тут дагэтуль жыве душа паэта — хаця б яе часцінка, бо Рыгор Барадулін, які дужа любіў родную Вушаччыну, не мог проста так яе пакінуць.