«Маўклівыя кнігі» з выявамі расстраляных у 1937 годзе пісьменнікаў выдадуць у Беларусі
У межах праекту «(Не) расстраляная паэзія», які ладзіць партал TuzinFM.by, пабачыць свет серыя з 12 «маўклівых кнігаў» з выявамі і цытатамі беларускіх пісьменнікаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе.
Як паведамляе TuzinFM, «Маўклівыя кнігі» — гэта дызайнерскія нататнікі, якія распрацавала Кацярына Пікірэня. «Галоўная
ідэя «маўклівых кнігаў» — даць адчуць пераемнасць, сувязь пакаленняў,
тое, што мы можам падхапіць нявыказаныя і ненапісаныя словы тых, чый
творчы палёт абарвалі», — кажа Кацярына.
Да выдання ўжо гатовая серыя з 12 «маўклівых кнігаў». На кожнай з іх будзе імя, стылізаваны партрэт расстралянага творцы, цытата з ягонага твору, а ў сярэдзіне, сярод чыстых старонак — песеннік, тэксты ўсіх кампазіцый, якія цяпер ствараюць музыкі ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія».
Нататнікі будуць надрукаваныя абмежаваным накладам. Найперш іх атрымаюць тыя, хто падтрымае праект «(Не) расстраляная паэзія» на Talaka.by.
Паводле belsat.eu