Міністэрства культуры не будзе ўдасканальваць помнікі Скарыну і Усяславу Чарадзею

Пра гэта Мікола Купава паведаміў «Новаму Часу».

Помнік Францыску Скарыну ў Полацку

Помнік Францыску Скарыну ў Полацку

Беларускі мастак Мікола Купава звярнуў увагу на трывожны стан беларускай манументальнай скульптуры. Творца адзначае, што праблем і памылак у гэтым відзе мастацтва накапілася заандта шмат. Недаробкі прысутнічаюць нават у самых знакамітых беларускіх гарадскіх скульптурах.
З прапановамі па ўдасканаленні помнікаў Купава звярнуўся ў Міністэрства культуры і Полацкі райвыканкам. У прыватнасці, мастак прапанаваў захады па ўдасканаленні полацкіх скульптур — помнікаў Францыску Скарыну і Усяславу Чарадзею. Полацкаму гарвыканкаму варта аб’явіць конкурс на стварэнне п’едэстала для манумента Скарыну і цягам 3–4 гадоў правесці рэканструкцыю помніка, паставіць яго перад гасцініцай, пазбегнуўшы эфекту контражуру, які цяпер існуе, і не дазваляе бачыць помнік нармальна асветленым на працягу большай часткі дня, лічыць мастак. Помнік Усяславу Чарадзею Мікола Купава раіць перанесці ў іншае месца, бо першапачаткова яго паставілі ў выпадковым месцы, на выпадковай падстаўцы, ад чаго і маштаб самога помніка мяняецца, не адпавядае ролі і вазе героя ў гісторыі Полацкага Княства.
Але з атрыманых ад гэтых інстанцый адказаў вынікае, што ніякіх дзеянняў у дачыненні да помнікаў праводзіцца не будзе. У адказах спасылаюцца на абарону гісторыка-культурных каштоўнасцяў альбо недахоп сродкаў. «Месца размяшчэння і архітэктурнае рашэнне помніка Ф. Скарыны было абрана ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, перамяшчэнне помніка Полацкi райвыканкам лічыць немэтазгодным. Пры наяўнасці пазабюджэтных сродкаў для ажыццяўлення праекта і больш удалай прапановы размяшчэння помніка Усяславу Чарадзею, Полацкі райвыканкам гатовы разгледзець пытанне пра перамяшчэнне помніка ў гістарычны цэнтр Полацку з выкананнем патрабаванняў дзеючага заканадаўства, у тым ліку і абавязковым праходжаннем папярэдняй працэдуры ўзгаднення Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў адказе райвыканкама. 
Міністэрства культуры ў сваім адказе таксама адмовілася прадпрымаць якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да помнікаў, але паабяцала ўлічваць прапановы мастака пры далейшым стварэнні твораў манументальнага мастацтва.