Мінкульт просіць перафарбаваць жоўтыя вазы каля цырку
Міністэрства культуры просіць Мінгарвыканкам вярнуць жоўтым вазам на праспекце Незалежнасці ў цэнтры Мінска першапачатковы колер. Пра гэта паведаміла Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір.
«Я ўжо стамілася ў Мінгарвыканкам лісты пісаць, — расказвае прадстаўнік Мінкульта. — Хоць ты ідзі і сама перафарбоўвай гэтыя вазы. Жаданне часам узнікае. Усё павінна рабіцца па навуцы. Мы давалі рэкамендацыі па колеры, але пафарбавалі не ў той».
Паводле слоў спецыяліста, на мінулым тыдні Мінкульт адправіў гарадскім уладам чарговы ліст, але адказ пакуль не прыйшоў. «Магчыма, кагосьці гэта сітуацыя весяліць. Асабіста мяне — не», — кажа Наталля Хвір.
Балюстрада з вазамі ў раёне парку імя Янкі Купалы мае гісторыка-культурную каштоўнасць 2-й катэгорыі. Аб'ект знаходзіцца на балансе «Гаррамаўтадара», які і перафарбаваў вазы ў жоўты колер. Раней яны былі белыя. Насуперак закону, колеравае рашэнне не было ўзгоднена з Мінкультам.
Мінкульт прасіў «Гаррамаўтадар» перафарбаваць вазы яшчэ ў 2018 годзе. Тады дарожнікі сказалі, што міністэрства прапанавала занадта дарагое рашэнне па аднаўленні слоя фарбы. Таму працу адклалі на год, пакуль не з'явяцца грошы. Тэрміны выйшлі — вазы як былі жоўтыя, так і засталіся.
«Мы перапісваемся з Мінкультам, але пытанне да канца не вырашана», — коратка тлумачаць Еўрарадыё ў «Гаррамаўтадары».
У 90-х мінскі цырк хацелі пафарбаваць у блакітны колер
«У пачатку 90-х у блакітны колер пачалі фарбаваць цырк, — успамінае Наталля Хвір. — Пасля таго як пафарбавалі дзве калоны, Мінкульт спыніў гэтыя работы. Гэта ж не проста так: захацеў — у жоўты, захацеў — у чырвоны. Каб вызначыць колер фарбы, неабходна фізіка-хімічнае даследаванне».