Мінулае яшчэ на скончылася, будучыня ўжо не настала

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" запрашае на персанальную выcтаву мастака Антона Сарокіна «Мінулае яшчэ на скончылася, будучыня ўжо не настала».

unnamed_54.jpg


Абапіраючыся на лакальны кантэкст і ўласныя ўспаміны, Антон Сарокін звяртаецца да глабальнага пачуцця занепакоенасці наконт магчымых сцэнароў будучыні і пэўнага культурнага “азірання” назад – у мінулае. Выстава даследуе парадокс татальнай розніцы і паражальнага падабенства паміж мінулым “часам надзей” і сённяшнім “часам складанасці”.
Антон Сарокін разглядае рэкамбінацыйны патэнцыял агульнадаступных аўдыё- і відэаматэрыялаў – “знойдзеных кадраў” (з анг. found footage), запісаў з асабістых архіваў, артэфактаў поп-культуры, лічбавага смецця, філд-рэкордынгу, мемаў – праз іх асэмбляванне, зборку і мантаж. Працуючы як рэдактар, дызайнер і актывіст, Сарокін вывучае, што “мінулае” кажа нам пра сучаснасць і будучыню. Праз даследаванне і перапрацоўку мастак вынаходзіць закладзеныя ў медыя сэнсы, якія могуць свабодна пашыраць, адцяняць, дапаўняць, адмаўляць адно аднаго, а таксама мутаваць у новыя формы.
Антон Сарокін нарадзіўся ў 1985 годзе, жыве і працуе ў Мінску, спецыялізуецца на мультымедыйных і дыгітальных формах сучаснага мастацтва, а таксама на DIY-музыцы. Мастак даследуе тэмы персанальнай і калектыўнай памяці, палітычнага вымярэння гуку і цішыні, сувязі музыкі і сацыяльных сфераў, нелінейнасці ўспрымання часу. Працы Антона Сарокіна экспанаваліся падчас персанальных і групавых выстаў у Мінску (Галерэя сучаснага мастацтва Ў, ЦЭХ, Мемарыяльны музей-майстэрня З.I. Азгура, Музей гісторыі беларускага кіно, Корпус 8 i iнш.), Берліне (Tschechisches Zentrum), Штутгарце (Akademie Schloss Solitude), Берэсці (Прастора KХ) і Маскве (DKDS).
Адкрыццё выставы адбудзецца ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” 20 ліпеня  а 19-ай гадзіне. Выстава будзе працаваць да 6 жніўня. Уваход вольны.