«Міжнародны дзень сям’і з Жыбулямі» пройдзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча

15 траўня 2018 года а 18 гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на сустрэчу з выдатнымі творцамі – сям'ёй Жыбуляў. Адсвяткуем разам Міжнародны дзень сям'і (International Day of Families, адзначаецца штогод 15 мая), заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1993 годзе, дзеля прыцягнення ўвагі да сямейных каштоўнасцяў, у якіх мусіць быць павага, дабро, разуменне і каханне.

afisha_siamja.jpg

Віктар Жыбуль – сапраўдны класік сучаснай беларускай авангарднай паэзіі, магутны слэмер, перфомер і паліндраміст, удзельнік літаб’яднання 1990-х «Бум-Бам-Літ». Вера Бурлак (яна ж Джэці) – паэтка-хуліганка, перакладчыца, спявачка. І Віктар, і Вера – кандыдаты філалагічных навук, аўтары супольнай кнігі «Забі ў сабе Сакрата», многіх індывідуальных кніг, бацькі сыноў Кастуся і Эрыка. Кастусь Жыбуль (2005 г. н.) – прадстаўнік наймаладзейшага пакалення беларускай драматургіі; інтарэсы: пад'езды, лампы, сабакі, маляванне, бонсцікі.

Чакаем уласцівых ім эксперыментаў і нязвыклага мастацкага слова.

 Уваход на сустрэчу вольны.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7А (Траецкае прадмесце).

Кантактны тэлефон: 8 (017) 334-42-69.