Моладзь БНФ узнагародзіла пераможцу прэміі імя Ларысы Геніюш

Прэмія імя Ларысы Геніюш — ініцыятыва Моладзі БНФ па ўшанаванні памяці выбітнай паэткі, змагаркі, беларускі Ларысы Антонаўны Геніюш.

img_20190915_164053.jpg


15 верасня Моладзь БНФ узнагародзіла пераможцу першай прэміі імя Ларысы Геніюш. Напрыканцы ліпеня быў абвешчаны прыём заявак на прэмію Геніюш, арганізатары атрымалі каля 30 вершаў, з якіх было вельмі цяжка адабраць пераможца.
"Было вельмі цяжка, бо кожны верш быў па-свойму добры, унікальны і нашае журы не магло доўга зрабіць свой выбар. Яшчэ прыемна ўразіла колькасць вершаў, якія нам даслалі. Мы атрымалі каля 30 вершаў за тыдзень і нам вельмі прыемна, што столькі таленавітай моладзі піша па-беларуску. Няхай дзесьці не ў рыфму, дзесьці з памылкамі, але самае галоўнае, што спрабуюць і мы ўпэўнены, што з кожным разам будзе ўсё лепей", — адзначаюць ініцыятары прэміі.
Першую прэмію імя Ларысы Геніюш атрымаў Кірыла Крывіцкі за свой верш "Адвечны замак". Кірыл з дзяцінства захапляецца беларускай літаратурай і ўжо даўно спрабуе пісаць свае вершы па-беларуску. І хоць зараз хлопец навучаецца за мяжой, але сувязь з Радзімай не губляе і родную мову не забывае.
«Прэмія імя Ларысы Геніюш — гэта чарговы этап нашай кампаніі #Геніюш2016. Гэтая кампанія паўстала як чарговая спроба рэабілітацыі выбітнай паэткі і беларускі. І хоць творчасці Геніюш не патрэбна ніякая рэабілітацыя, а сама Ларыса Антонаўна назаўсёды застанецца ў народнай памяці, мы верым, што рана ці позна галоўная мэта нашай кампаніі будзе дасягнута і Ларысы Геніюш будзе рэабілітавана афіцыйна і на дзяржаўным узроўні, а на цэнтральнай плошчы Зэльвы з'явіцца яе помнік», — кажуць у Моладзі БНФ.
Паводле прэс-службы Моладзі