«Мова Гуркова» — эпічны ролік з удзелам легендарнага байца
Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе правёў эксклюзіўны майстар-клас для слухачоў «Мовы Нанова».
Больш за дзесяць слухачоў “Мовы Нанова” трапілі на закрыты майстар-клас ад “народнага чэмпіёна” і мелі магчымасць 4 гадзіны дужацца з Віталём Гурковым. Многія фатаграфаваліся з чэмпіёнам і адразу выстаўлялі фота ў свае акаўнты ў сацсетках. Здымкі праходзілі ў мінскай трэнажорнай зале Moby Dick, дзе Віталь Гуркоў працуе трэнерам.
Віталь Гуркоў — унікальны беларускі баец, які ўжо больш за 10 разоў станавіўся чэмпіёнам свету па тайскім боксе паводле розных версій. Ведае беларускую мову, цікавіцца гісторыяй, культурай. Падае годны прыклад астатнім!
Нагадаем, у траўні паездка Віталя на чэмпіянат свету аказалася пад пытаннем, бо чыноўнікі “не знайшлі грошы на гэта”. У выніку грамадства сабрала за адзін дзень неабходныя 3000 еўра. Пасля гэтага чыноўнікі ўсё ж знайшлі сродкі адправіць Віталя за дзяржаўны кошт.
У фінале Гуркоў перамог Экапана Самбаасанаба з Тайланду, які не саступаў у баях 4 гады запар. А сабраную грамадой суму перадаў на рамонт трэнажорнай залы клуба “Патрыёт”, які ўзгадаваў яго і іншых чэмпіёнаў свету.
www.movananova.by