Мультфільм Міядзакі пакажуць у беларускай агучцы

Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom пакажа ў беларускай агучцы мультфільм Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё». Прэм'ера фільма адбудзецца 21 чэрвеня ў 19:00 у кінатэатры «Масква».

rybka_pono_afisza.jpg

Адна з самых вядомых стужак знакамітага японскага рэжысёра будзе асабліва цікавая для дзіцячай аўдыторыі. Свае галасы героям мультфільма падаравалі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павал Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін.
Паказы «Рыбкі Поньё на ўцёсе» пройдуць з 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры «Масква», з 26 па 27 чэрвеня — у кінатэатры «Піянер».
«Рыбка Поньё» — дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай Прэміі «Оскар» за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара такіх знакамітых работ, як «Знесеныя прывідамі» і «Хадзячы замак». Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на «Залатога льва» — галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, — і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам па меркаванні Японскай акадэміі.
Гісторыя рыбкі Поньё ўяўляе сабой, бадай, самае незвычайнае пералажэнне знакамітай Андэрсэнаўскай «Русалачкі». Толькі на гэты раз яна паўстае ў вобразе маленькай дзяўчынкі з усімі ўласцівымі гэтаму ўзросту мілымі і не вельмі асаблівасцямі: цікаўнасцю і непасрэднасцю, наіўнасцю і схільнасцю да адданасці, а яшчэ — упартасцю ў дасягненні запаветнага жадання: стаць чалавекам і заваяваць каханне хлопчыка Сооскэ. І пакуль Поньё ідзе да сваёй мэты, свет вакол у літаральным сэнсе перакульваецца з ног на галаву, а на сушу абвальваецца мора... Чым усё гэта скончыцца, залежыць ад выбару пяцігадовага хлапчука і яго здольнасці прыняць сваю незвычайную сяброўку такой, якая яна ёсць.
Традыцыю перакладаць на беларускую мову і агучваць галасамі вядомых у свеце беларускага тэатра, кіно і музыкі персон яркія вобразы сусветнага кінематографа, ад класічных хітоў да навінак самых розных жанраў, заснавала і падтрымлівае кампанія «Кінаконг». А дапамагае ёй у гэтым velcom. За час рэалізацыі праекта «Беларускія ўікэнды» ужо адбыліся паказы такіх фільмаў як «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз», «Неверагодная жыццё Ўолтара Міці». І зараз гэты спіс прадоўжыць яшчэ адна дзіўная гісторыя.
Падрабязнасці на сайце kinakong.by. Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў.
Паводле прэс-рэліза