«МЎР» і конкурс на выканнане «Купалінкі» на плошчы Калеснікавай
Сёння вечарам каля 400 чалавек на плошчы Калеснікавай
паслухалі шыкоўны канцэрт гурта «МЎР» і паўдзельнічалі ў конкурсе, зладжаны музыкамі гурта, на
лепшае выкананне «Купалінкі» сярод пратэстных двароў.

Павел Аракелян — каларытны музыка і адзін з найлепшых саксафаністаў Беларусі, выступаў апроч усяго і ў складзе гурта Лявона Вольскага «Крамбамбуля», і сольна як джазмэн, і як удзельнік іншых праектаў. Месяц таму ён запісаў джазавы варыянт песні «Муры» разам з сябрамі. У запісе песні ўзялі ўдзел музыка Лявон Вольскі, оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, вядучы Дзяніс Дудзінскі, акцёры Купалаўскага тэатра, былы міністр культуры Павел Латушка і іншыя.
Аляксей Крышталь — джазавы музыка, кантрабасіст, бас гітарыст, удзельнік і лаўрэат міжнародных джазавых конкурсаў і фестываляў.

Менавіта Павел і Аляксей і складаюць гурт «МЎР» (расшыфроўваецца, як «Музычная Ўзброеная Рота»).

На днях гурт «МЎР» выступаў на легендарнай плошчы Перамен, а незадоўга да канцэрта на плошчы Калеснікавай — у Ждановічах. І паўсюль яны ладзілі конкурс на лепшае выкананне сярод пратэстных двароў песні «Купалінка». Лідзіраваў дагэтуль, па словах саміх музыкаў, двор на вул. Янкі Маўра. Але, па іх словах, пасля дружнага выканання песні на плошчы Калеснікавай, сітуацыя можа змяніцца ў бок мясцовага двара.

Апроч «Купалінкі» была насычаная музычная праграма для дзяцей — вядомыя песні з мультфільмаў «Айбаліт і Бармалей», «Капітан Врунгель», «Брэменскія музыкі». Дарослая аўдыторыя з радасцю падхоплівала песні з рэпертуару Вольскага «Тры Чарапахі», «Простыя словы, простыя рэчы» і іншыя. Канцэрт доўжыўся гадзіну.

Пасля канцэрта жыхары раёна яшчэ доўга не адпускалі музыкаў, горача і шчыра выказваючы ім сваю падзяку. Былі запланаваныя і варштаты сярэднявечных кругавых танцаў, але з прычыны хваробы танцораў іх давялося адмяніць. Замест гэтага, мясцовыя жыхары, што сабраліся на канцэрт, дружна прагуляліся па сваім раёне.
