Музычныя падарожжы «ULIS’а» працягваюцца
У рамках кампаніі «Рок-салідарнасць» у адным са сталічных кафэ адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім інструменталістам і саўнд-прадзюсарам, кіраўніком гурта «ULIS» Вячаславам Коранем. Для такой падзеі былі актуальныя падставы. (На здымку: Вячаслаў Корань)
У рамках кампаніі «Рок-салідарнасць» у адным са сталічных кафэ адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім інструменталістам і саўнд-прадзюсарам, кіраўніком гурта «ULIS» Вячаславам Коранем. Для такой падзеі былі актуальныя падставы.
(На здымку: Вячаслаў Корань)
У свеце шоў-бізнэсу існуе добрая традыцыя, якая ніяк не можа прыжыцца ў Беларусі: у тым выпадку, калі выканаўца ці гурт вычарпаў свае творчыя магчымасці, то музыканты
збіраюць прэс-канферэнцыю і робяць афіцыйнае паведамленне пра спыненне сваёй канцэртнай і студыйнай дзейнасці.
Сапраўды, хто можа цяпер дакладна распавесці, на якім свеце зараз, напрыклад, беларускія гурты «Zet» ці «Камаедзіца», «Харлі» ці
«Гарадзкія». Да гэтага сумнага спіса гуртоў-прывідаў скептыкі ўжо паспелі аднесці і легендарны «ULIS» Славы Кораня. Таму інтарэс журналістаў і музычных
аглядальнікаў да гэтай сустрэчы з вядомым музыкантам меў за мэту высветліць не толькі стаўленне Славы да актуальных падзей у айчынным рок-руху, але і лёс культавага гурта.
З абмеркавання гэтага пытання і пачалася творчая сустрэча. Вячаслаў нагадаў, што ў творчым багажы яго гурта ўжо дзевяць альбомаў. І пасля выхаду апошняга дыска «Люстэрка» каманда
«ULIS» узяла творчую паўзу. Каб асэнсоўваць створанае за шмат гадоў і падумаць над музычным стылем будучага «ULIS’а». Галоўнае, удзельнікі
«ULIS’а» паставілі новую планку для свайго гурта, і ў будучым гэта павінна адбіцца на яго гучанні і лірыцы.
Дзеля такіх перамен Слава асвойвае ўнікальны інструмент — дванаццаціструнны big stick (англ. «вялікая палка»). Яго тэхнічныя магчымасці дазваляюць значана пашырыць
акустычны дыяпазон выконваемых кампазіцый, узбагаціць іх меладычную і тэмбравую палітру. На гэтым інструменце можна выконваць нават класічную музыку. Магчымасці big stick, на думку Вячаслава Кораня,
могуць быць пакладзены ў аснову новага гучання гурта «ULIS». Засталося толькі засвоіць унікальную тэхніку грання на гэтым інструменце — тэпінг адначасова правай і левай
рукамі. Гэтае паведамленне пра новыя планы музыкантаў абнадзеілі тых, хто сабраўся на творчую сустрэчу, а таксама развеялі песімістычныя сумненні адносна будучыні гурта.
Не засталося па-за ўвагай і пытанне правядзення беларуска-ўкраінскага фэсту «Be Free», сябрам аргкамітэту якога ад пачатку з’яўляецца Вячаслаў Корань. Разам з іншымі
прадстаўнікамі аргкамітэту Слава запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб фэст зноў парадаваў слухачоў новымі музычнымі ўражаннямі, паслужыў мэце яднання беларускіх і ўкраінскіх музыкантаў. Дзеля
гэтага вядуцца перамовы з моладзевымі арганізацыямі буйных гарадоў Украіны, удакладняюцца ўмовы правядзення фэсту, каб не знізіць планку якасці яго правядзення.
Ад канкрэтных спраў гутарка павольна перайшла да актуальных падзей айчыннага рок-руху. І ў першую чаргу, да так званага «чорнага спісу» беларускіх выканаўцаў. На меркаванне
Вячаслава, сумнавядомыя спісы існуюць толькі ў галовах нашых чыноўнікаў, якія гатовы забараніць каго заўгодна, абы толькі дагадзіць начальству сваёй бязглуздай пільнасцю.
Што тычыцца паходу некаторых вядомых беларускіх музыкантаў на прыём да тагачаснага памочніка прэзідэнта Алега Праляскоўскага, то Корань і тады, і цяпер супраць такога адчайнага кроку. Па-першае,
музыканты ў нечым пайшлі насуперак сваім перакананням, па-другое, гэты паход наклаў на іх абавязацельствы не кранаць балючых для ўладаў тэмаў. «І што, гэта неяк паўплывала на адмену
забаронаў канцэртаў? Не, усё ідзе па-ранейшаму, канцэрты забараняюцца, інфармацыйная блакада не знята, а пляма засталася!» — тлумачыць сваю пазіцыю Слава Корань. З гэтага факту ён
бачыць феномен гурта «Ляпис Трубецкой», удзельнікі якога пачыналі з лёгкіх поп-рокавых песенек, а цяпер прыйшлі да кампазіцый сур’ёзнага грамадзянскага сэнсу. А вось
некаторыя «хадакі» вымушаны зрабіць адваротныя крокі: адмовіцца ад сацыяльна напоўненых тэкстаў на карысць нечага сэнсава аблегчанага, бесканфліктнага, таго, што збядняе айчынную
рок-музыку, уводзіць у непаразуменне нават самых адданых прыхільнікаў беларускай рок-музыкі.
На пытанне адносна стаўлення да роднай мовы, Слава нагадаў, што яго прыхільнасць да беларушчыны ідзе ад музычнай творчасці ў гурце «ULIS». Цяпер гэтыя парасткі любові да беларускага
слова ўплываюць на ўсё яго жыццё і працу. Праўда, не настолькі, каб поўнасцю загаварыць па-беларуску. Але ўсё да гэтага ідзе — вызначыў сваю пазіцыю Слава.
Вялікае ажыўленне сярод журналістаў і ўсіх прысутных выклікаў аповед Славы пра тое, што ў яго хаце жывуць сабака і кот, якіх ён узяў з вуліцы і тым самым выратаваў ад галоднай смерці. Здаецца, учынак
не такі ўжо значны, але дадае шмат станоўчых рыс да партрэта героя гэтай творчай сустрэчы.